Напярэдадні пуску паўночнакарэйскай ракеты

Ракета "Унха-3" гатовая да запуску.

ЗША і Паўднёвая Карэя заявілі, што будуць разглядаць запуск ракеты Паўночнай Карэяй як «сур'ёзную правакацыю і парушэньне Пхеньянам яго міжнародных абавязаньняў".
Міністры абароны дзьвюх краін Леон Панэта і Кім Кван Джын падчас тэлефоннай размовы ў панядзелак увечары дамовіліся аб каардынацыі дзеяньняў у сувязі з плянамі КНДР ажыцьцявіць запуск ракеты.

Паўночнакарэйскія ўлады заявілі, што маюць намер вывесьці на калязямную арбіту спадарожнік з мэтай прагназаваньня умоваў надвор'я. Запуск, афіцыйна прымеркаваны да 100-годзьдзя з дня нараджэньня заснавальніка КНДР Кім Ір Сэна, плянуецца правесьці у пэрыяд з 12 па 16 красавіка. Паведамляецца, што ракета ужо ўсталяваная на стартавай пляцоўцы.

Аднак Паўднёвая Карэя і ЗША не выключаюць, што на самой справе Пхеньян правядзе выпрабаваньне балістычнай ракеты, здольнай несьці ядзерную боегалоўку. Сэул таксама заяўляе, што КНДР рыхтуецца да чарговага ядзернага выпрабаваньня.