У інтэрнэце – тыдзень паэзіі Алега Мінкіна

Алег Мінкін

На 60-я ўгодкі Алега Мінкіна ў сацыяльных сетках Facebook, Vkontakte і Livejournal пачалася кампанія «Тыдзень з паэзіяй Алега Мінкіна». Цягам тыдня інтэрнэт-карыстальнікам прапануецца разьмяшчаць вершы паэта ў сваіх блогах.

У сваім Livejournal аўтар ініцыятывы Алесь Аркуш напісаў: «Ніяк не магу зразумець: як адзін з самых геніяльных беларускіх паэтаў-сучасьнікаў аказаўся ў забыцьці. Штосьці ў гэтай сыстэме «гуляй-поле» ня так. Літаратура ператвараецца ў базар, дзе кошты вызначаюць махляры».

Алег Мінкін нарадзіўся 31 сакавіка 1952 году ў вёсцы Чарняўка Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці. Пісаць і друкаваць вершы пачаў ад пачатку 1980-х, быў удзельнікам першых незалежніцкіх суполак у Наваполацку і Берасьці. Пасьля жыў у Вільні, выдаваў газэту «Рунь». Апошнія некалькі гадоў жыве і працуе гастарбайтэрам у Маскве.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна», прозы «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994), а таксама дзіцячых кніг. У 2007 годзе Мінкін атрымаў літаратурную прэмію Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты». Перакладаў паэзію Дантэ, По, Міцкевіча, Норвіда, Лесьмяна ды шмат іншых творцаў.