У Віцебску гарэла стаматалягічная паліклініка

Пажар пачаўся на трэцім паверсе будынку № 34 па вуліцы Горкага. Ахвяраў няма: большасьць пацыентаў пакінула ўстанову самастойна, пачуўшы папярэджаньне пажарнай сыгналізацыі.
Выратавальнікі мусілі аказаць дапамогу тром чалавекам, якія трапілі ў складанае становішча: адзін зь іх знаходзіўся ў ліфце, які спыніўся паміж паверхамі. Яшчэ дваіх вывелі з трэцяга паверха, дзе было задымленьне, у адмысловых дыхальных масках.

Як высьветлілі адмыслоўцы, загарэлася маёмасьць артапэдычнага аддзяленьня, якая захоўвалася ў асобным памяшканьні. Непасрэдная прычына пажару яшчэ ня вызначана, як і сума нанесенага клініцы ўрону.