На Гомельшчыне пачалася паводка

У Гомельскай вобласьці ўсё больш падворкаў падтоплена. Аднак небясьпекі для мясцовых жыхароў пакуль няма, сьцьвярджаюць у МНС.
У Рагачове падтоплены 21 падворак, а ў вёсцы Збораў — сем.

«Эвакуацыя жыхароў падтопленых падворкаў і жывёл не патрабуецца. Вада толькі ў гародах і дварах. Пагрозы жылым дамам, гаспадарчым пабудовам і адміністрацыйным будынкам пакуль няма», — паведаміў БелаПАН прэсавы сакратар Гомельскай абласной управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Руслан Габрылёў.

На мінулым тыдні паводка пачалася ў Магілёўскай вобласьці. Там былі падтоплены каля дзесяці падворкаў у Чавускім раёне, а таксама масты ў Магілёўскім, Слаўгарадзкім і Хоцімскім раёнах.

Вясновая паводка можа закрануць 13 раёнаў Беларусі, паведамляла раней МНС.

Верагоднасьць падтапленьня ёсьць у наступных раёнах:

  • Берасьцейскі
  • Верхнядзьвінскі
  • Чачэрскі
  • Добрускі
  • Жыткавіцкі
  • Лельчыцкі
  • Петрыкаўскі
  • Калінкавіцкі
  • Стаўпецкі
  • Барысаўскі
  • Бабруйскі
  • Слаўгарадзкі
  • Чавускі

У зону падтапленьня трапляе каля 50 населеных пунктаў, дзе жывуць каля 6 тыс. чалавек.

http://maps.google.com/maps/ms?msa=0&msid=207034288873138439713.0004bcae852548b313c26&ie=UTF8&t=m&ll=53.891391,28.103027&spn=4.662723,14.040527&z=6&output=embed


За апошнія гады найвялікшая паводка была ў 2010-м годзе. На Палесьсі тады былі падтоплены дзясяткі вёсак, некалькі населеных пунктаў адрэзала вадой.