ЗША ўвялі санкцыі супраць трох сырыйскіх урадоўцаў

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні да трох высокапастаўленых прадстаўнікоў сырыйскага ўраду – за садзеяньне рэпрэсіям супраць удзельнікаў акцый пратэсту, якія працягваюцца ў Сырыі цэлы год.
Гаворка ідзе пра міністра абароны Давуда Раджа, камандуючага галоўнага штабу сырыйскай арміі Муніра Аданова і начальніка аховы прэзыдэнта Сырыі Зухайра Саліша. У адпаведнасьці з санкцыямі, іх банкаўскія актывы на тэрыторыі ЗША будуць замарожаныя і амэрыканскім грамадзянам будзе забаронена супрацоўнічаць зь імі.

Раней супраць Аданова і Саліша былі ўведзеныя санкцыі Эўразьвязу.

Паводле ацэнак ААН, у часе гадавога ўзброенага канфлікту ў Сырыі загінулі больш за дзевяць тысяч чалавек.