Старонка Сяргея Навумчыка ў Facebook была ўзламаная

Старонка супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Навумчыка ў сацыяльнай сетцы Facebook была ўзламаная і зьнішчаная.
Сяргей Навумчык адкрыў старонку на пачатку сакавіка, і толькі ў першы тыдзень да яе дадалося паўтары тысячы сяброў, усяго ж іх было больш як дзьве тысячы.

Навумчык: «Я быў ці не апошнім з усіх сваіх сяброў ды знаёмых, які адкрыў акаўнт у Facebook — ды й тое хутчэй па службовай неабходнасьці, бо апошнім часам Радыё Свабода актыўна прысутнічае ў сацыяльных сетках (між іншым, рэкамэндую карыстальнікам Facebook старонку беларускай службы Радыё Свабода). Старонку ў Facebook я выкарыстоўваў для публікацыі актуальных рэпартажаў з сайту Радыё Свабода (напрыклад, пра галадоўку Сяргея Каваленкі), а таксама некаторых матэрыялаў пачатку 1990-ых гадоў, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету --- у тым ліку і датычных дзейнасьці тагачаснага калегі па парлямэнту Аляксандра Лукашэнкі.

Але найбольшую цікавасьць, калі меркаваць па так званых „лайках“, выклікалі фотаздымкі масавых акцыяў на Дзень Волі ў розныя гады, у якіх нязьменна браў удзел Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Магчыма, усё гэта магло некаму не спадабацца. Мы зараз высьвятляем з адміністрацыяй Facebook, што магло здарыцца — а пакуль я адкрыў новую старонку. Напэўна, нейкі час я ня буду дадаваць у сябры незнаёмых альбо малазнаёмых асобаў. Але старонка ў Facebook будзе адчыненая для ўсіх, кожны, хто хоча, зможа чытаць публікацыі. Нарэшце, існуе функцыя падпіскі, яна будзе адкрытая для ўсіх жадаючых».