Натхняльнік тэрактаў 11 верасьня паўстане перад судом

Падазраваны ва ўдзеле ў арганізацыі тэрактаў 11 верасьня 2001 году ў ЗША Халід Шэйх Мухамэд неўзабаве можа паўстаць перад судом празь дзевяць гадоў пасьля таго, як яго арыштавалі ў Пакістане, паведамляюць заходнія СМІ.
Чакаецца, што ён і яго саўдзельнікі паўстануць перад амэрыканскім вайсковым трыбуналам у Гуантанама. Усе яны могуць быць прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня.

У часе сьледзтва Мухамэд прызнаў сваю віну. Аднак пазьней высьветлілася, што супрацоўнікі ЦРУ на допытах ужывалі гвалтоўныя мэтады. З гэтай прычыны атрыманыя прызнаньні ня могуць быць выкарыстаныя ў судзе.

Аднак цяпер разгляд гэтай справы можа пачацца, бо былы памочнік Мухамэда Маджыд Хана цалкам прызнаў сою віну і пагадзіўся сьведчыць супраць іншых вязьняў турмы Гуантанама.

Дата судовага слуханьня яшчэ ня вызначаная. Верагодна, на падрыхтоўку да слуханьняў спатрэбіцца некалькі месяцаў.