Масква. Новы Арбат. Мітынг супраць Пуціна

Расейская апазыцыя праводзіць на Новым Арбаце ў Маскве мітынг з патрабаваньнямі новых прэзыдэнцкіх і парлямэнтарных выбараў ды палітычнай рэформы ў Расеі.

У акцыі «За сумленныя выбары», прымаюць удзел апазыцыйныя палітыкі Рыгор Яўлінскі, Міхаіл Касьянаў, Генадзь Гудкоў, Уладзімер Рыжкоў, Сяргей Удальцоў.


Паводле арганізатараў на мітынг у Маскве прыйшло каля 25 тысяч чалавек.

Мітынг адкрыў Уладзімер Рыжкоў. Затым сябра Лігі выбаршчыкаў Сяргей Пархоменка абвясьціў, што адно з найважнейшых пытаньняў, якія хвалююць грамадзтва — вызваленьне палітычных зьняволеных.

Гары Каспараў заявіў, што мінулыя выбары — гэта спэцаперацыя ўлады, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу: «Рэальная апазіцыя не была дапушчана да выбарчай гонкі». І ўсё роўна — заяўляе Каспараў — уладзе спатрэбіліся масавыя фальсіфікацыі.

Ксенія Сабчак, якая была назіральнікам на 117-м участку ў Маскве, заявіла, што бачыла фальсіфікацыі на ўласныя вочы:

«Але выбары ўжо прайшлі. Яны прайшлі так, як быццам гэта не выбары, а вайна. Як быццам яны перамаглі 37 адсоткаў выбаршчыкаў. Цяпер мы павінны паказаць за што мы. За нармальную судовую сістэму, за палітычную рэформу...»