У Расонах гарэла школа

Пацярпелі восем дзяцей, якія, ратуючыся, выскоквалі ў вокны.
Пасьля пажару ў сярэдняй школе ў горадзе Расоны Віцебскай вобласьці шпіталізаваныя восем дзяцей. Як паведаміў Інтэрфаксу галоўны лекар мясцовага раённага шпіталя Аляксей Шчаўкун, двое зь іх — у Расонах, яшчэ шэсьць — у абласных установах аховы здароўя.

У дзяцей у асноўным пераломы: яны скакалі з вокнаў, ратуючыся ад пажару. Па інфармацыі МНС, пацярпелых ад апёкаў або атручэньня чадным газам няма.

Пажар у трохпавярховым будынку Расонскай сярэдняй школы імя Машэрава пачаўся 7 сакавіка а восьмай раніцы.

Да месца выкліку выехалі 4 падразьдзяленьні МНС. Сумесна з адміністрацыяй школы была праведзена эвакуацыя 575 дзяцей і 36 выкладчыкаў, распавялі ў Віцебскім абласным упраўленьні МНС.

Ратавальнікі дадалі, што будынак школы не пацярпеў, толькі сьцены пазакурваліся. Сьледчы камітэт высьвятляе прычыны здарэньня. Паводле адной з вэрсій, прычынай пажару мог стацца падпал макулятуры, якая захоўвалася пад лесьвіцай.

У Расоны выехалі начальнік управы аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач і старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец.

Фота 112.by