Берасьце: Лявонцій Чыпурных скардзіцца ў ААН

Берасьцейскі актывіст партыі левых «Справядлівы сьвет» Лявонцій Чыпурных накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Спадар Чыпурных абскарджвае прысуд за ўлёткі Народнага сходу.
Паводле таго прысуду актывіст адседзеў 5 сутак за распаўсюд запрашэньняў на Народны сход. А калі выйшаў, то ня змог абскардзіць прысуд у абласным судзе, бо 5-суткавы тэрмін абскарджваньня выйшаў. Лявонцій Чыпурных прасіў працягнуць гэты тэрмін хаця б да 7 сутак, тлумачачы, што ня мог падаць скаргу, бо адбываў пакараньне ў ізалятары. Аднак абласны суд адмовіўся працягнуць яму тэрмін абскарджваньня.

У скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН Лявонцій Чыпурных просіць прызнаць парушэньнем ягоных правоў 5-суткавы арышт і тое, што яму не дазволілі абскарджваць яго ў вышэйшым судзе.

Праваабаронца Ўладзімер Малей, які займаўся справай Лявонція Чыпурных, кажа, што ў гэтым выпадку мае месца парушэньне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У прыватнасьці, спадар Малей кажа, што не было задаволена права Чыпурных на перагляд справы. Акрамя таго, кажа праваабаронца, прысудам парушана права Лявонція Чыпурных на выказваньне сваёй думкі шляхам распаўсюду інфармацыі.