Эўразьвяз падае руку

Вызваленьне палітвязьняў можа стаць першым крокам у наладжваньні дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар па надзвычайных даручэньнях МЗС Чэхіі Пэтэр Марэш.
Ён сказаў: «Наша рука працягнутая, цяпер мы чакаем руку ў адказ». Спадар Марэш падчас свайго візыту ў Беларусь правёў шэраг сустрэчаў у міністэрствах замежных справаў і адукацыі. Ён паведаміў, што напачатку сакавіка ў Празе пройдзе сустрэча міністраў замежных справаў Вышэградзкай групы (Чэхіі, Славаччыны, Польшчы, Вугоршчыны). На сустрэчы таксама запрошаныя кіраўнікі МЗС краін «Усходняга партнэрства», балтыйскіх краінаў і Даніі, якая зараз старшынюе ў ЭЗ.

На пытаньне, ці будзе Беларусь на гэтай сустрэчы прадстаўляць міністар Мартынаў, амбасадар Марэш адказаў, што пакуль гэта невядома.

Your browser doesn’t support HTML5

Пэтэр Марэш: «Я не марксіст, я — гістарычны аптыміст»



Спадар Марэш дадаў, што сустрэчы міністраў будзе папярэднічаць сустрэча прадстаўнікоў Грамадзянскага форуму «Ўсходняга партнэрства».

Тлумачачы матывы сваёй паездкі ў Беларусь, амбасадар Марэш сказаў: «Беларусь – гэта эўрапейская краіна, яна была з Эўропай амаль усю сваю гісторыю, а зараз кідаецца паміж Усходам і Захадам. У такой сытуацыі цяжэй за ўсё знайсьці балянс. Лягчэй было б кінуць Беларусь у ізаляцыі, але мы гэтага ня хочам. Зусім перапыняць камунікацыі нельга, таму што мы ведаем, што ёсьць адна толькі сталіца, якая здолее гэтую сытуацыю скарыстаць і ў якой хопіць на гэта сродкаў».
Агенцтва БелаПАН падкрэсьлівае, што гаворачы пра «адну сталіцу», чэскі дыплямат меў на ўвазе Маскву.

Раней у інтэрвію Эўрарадыё Пэтэр Марэш адказаў на пытаньне, ці можа быць Беларусь выключаная з «Усходняга партнэрства»: «Ведаеце, я аб'езьдзіў практычна ўсю Эўропу, праводзячы дыскусіі на тэму «Ўсходняга партнэрства» – ад Лёндану да Варшавы, ад Стакгольму да Рыму. І не сустрэў ніводнага чалавека, палітыка ці чыноўніка, які б сказаў, што Беларусь трэба выгнаць з «Усходняга партнэрства». Нашы адносіны вельмі складаныя, праблем шмат, але Беларусь зьяўляецца вельмі важнай часткай «Усходняга партнэрства».

Чэскі дыплямат выказаў упэўненасьць, што калі Беларусь ня вырашыць сама сысьці з «Усходняга партнэрства», яе ніхто ніколі выганяць ня будзе: «Мы заўсёды будзем шукаць шляхі для супрацоўніцтва. Для таго, каб наблізіць Беларусь да Эўразьвязу як мага бліжэй».

Амбасадар чэскага МЗС па асаблівых даручэньнях паведаміў, што займаўся падчас візыту ў Менск пераважна адукацыйнымі праграмамі, яго цікавіць, ці можна наладзіць супрацу паміж ВНУ шэрагу краінаў ЭЗ і Беларусі.

Нагадаем, што на пазамінулым тыдні Беларусь наведаў прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Гунар Віганд. А ў наступны панядзелак Рада Эўразьвязу будзе разглядаць беларускае пытаньне, ня выключана, што на ім будуць прынятыя важныя рашэньні, якія тычацца сьпісу беларускіх афіцыйных прадстаўнікоў, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ.