Кадыраў перанёс дату дэпартацыі чачэнцаў

Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі, вырашыў перанесьці адзначэньне Дня смутку, зьвязанага з дэпартацыяй чачэнцаў у 1944 годзе з Каўказу ў Казахстан, з 23 лютага на 10 траўня.
У 1944 годзе, ад 23 лютага да 9 сакавіка савецкія ўлады перасялілі з Чачэнска-Інгускай аўтаноміі ў Казахстан блізу паўмільёна чалавек, чачэнцаў і інгушоў, «за дапамаганьне фашысцкім акупантам».

У Інгушэтыі ўгодкі дэпартацыі адзначаюцца 23 лютага, то бок, у дзень, калі яна пачалася. А вось у Чачні Рамзан Кадыроў ужо другі год запар вырашыў адзначыць гэтую падзею 10 траўня. Прычыну пераносу даты адзначэньня тлумачыць Лёма Чабаеў з Паўночнакаўкаскай службы нашага радыё:

«Мы мяркуем, што гэта чарговы выпадак дагаджаньня Рамзана Кадырава Крамлю. Гэта як бы спроба параўняцца з расейскай грамадзкасьцю, якая 23 лютага адзначае Дзень арміі і флёту, і наблізіць чачэнцаў да крамлёўскіх установак. Чаму наш Дзень смутку перанесены якраз на 10 траўня? Справа ў тым, што 9 траўня быў забіты Кадыраў-старшы, так што ў гэтай даце сумяшчаюцца і дзень дэпартацыі, і дзень забойства гэтак званага «бацькі нацыі», Ахмата-Хаджы Кадырава».

Ахмат-Хаджы Кадыраў, бацька цяперашняга чачэнскага кіраўніка Рамзана Кадырава, памёр 9 траўня 2004 году, цяжка паранены выбухам бомбы на стадыёне ў Грозным падчас афіцыйнага адзначэньня Дня перамогі. Адказнасьць за арганізацыю замаху ўзяў на сябе лідэр чачэнскіх ваеўнікоў Шаміль Басаеў.