356 вязьняў згарэлі жыўцом у Гандурасе

Крыміналісты выносяць цела згарэлага вязьня зь месца пажару ў турме Камаягуа, Гандурас. 15 лютага, 2012

У Гандурасе пры пажары ў турме загінулі, паводле апошніх дадзеных, 356 зьняволеных.
Горад Камаягуа, дзе здарылася трагедыя, знаходзіцца за 75 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы Тэгусігальпы. Згарэлая турма была разьлічана на 800 зьняволеных. У сераду вязьні паднялі бунт. Ахова ўжыла зброю.

Прычыны ўзьнікненьня агню застаюцца няяснымі – паводле некаторых здагадак, пажар успыхнуў з-за кароткага замыканьня, паводле іншых – падпал учынілі самі зьняволеныя. Пажарныя, якія прыбылі на месца здарэньня, сьцьвярджаюць, што не змаглі ўвайсьці ў будынак, каб тушыць агонь6 паколькі там працягвалася страляніна.

Паводле ААН, у Гандурасе самы высокі ў сьвеце паказьнік забойстваў. Улады жорстка дзейнічаюць супраць вулічных узброеных бандаў, што прыводзіць да перапоўненасьці турмаў.