Ізраільскія дыпляматы сталі мішэнямі ў Нью-Дэлі і Тбілісі

На месцы выбуху каля ізраільскай амбасады ў Нью Дэлі, 13.02.2012

Міністар унутраных справаў Індыі П. Чыдамбарам назваў «тэрарыстычнай атакай» выбух бомбы пад аўтамашынай ізраільскага дыплямата ў Нью-Дэлі 13 лютага.
У выніку выбуху была параненая жонка дыплямата, яе кіроўца і яшчэ дзьве выпадковыя асобы ў суседняй аўтамашыне.

Як лічыць індыйская паліцыя, магнітнае выбуховае прыстасаваньне прычапіў да аўтамашыны незнаёмы, які праяжджаў побач на мапэдзе.

Таксама ў панядзелак падобная бомба была выяўленая у Тбілісі. Яе прычапілі да аўтамашыны грузінскага працаўніка ізраільскай амбасады. Паліцыі ўдалося гэтае прыстасаваньне абясшкодзіць, і да выбуху не дайшло.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што вінаватымі ў арганізацыі замаху ў Нью Дэлі і спробы замаху ў Тбілісі зьяўляюцца Іран і праіранская ісламісцкая групоўка «Хізбала».

Іран адкінуў гэтыя абвінавачаньні. Прэсавы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Ірану Рамін Мэгманпараст заявіў, што абвінавачаньні Ізраілю зьяўляюцца «элемэнтам псыхалягічнай вайны сіянісцкага рэжыму супраць Ірану».