Берасьце: Дзяніс Турчаняк судзіцца з аблвыканкамам

Дзяніс Турчаняк

Каардынатар руху «За Свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчаняк падаў пазоў у суд супраць аблвыканкаму, які адмовіўся даць інфармацыю пра будаўніцтва ў гістарычнай частцы гораду. Разгляд справы адбудзецца 14 лютага а 16-й гадзіне ў Ленінскім судзе Берасьця.
Дзяніс Турчаняк дамагаўся, каб улады прадставілі інфармацыю пра інвэстыцыйную дамову паміж аблвыканкамам і прыватнай фірмай «МФБ Девелопмент». Паводле гэтай дамовы, фірма рэалізуе ў гістарычным цэнтры праект «Адміністратыўна-гасьцінічны комплекс па вуліцы Савецкай у Берасьці».

Спадар Турчаняк асьцерагаецца, што падчас будаўніцтва гатэльнага комплексу будзе нанесеная шкода двум будынкам № 43 і 45 на вуліцы Савецкай, уключаным у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны.

«Справа ў тым, што паводле дакумэнтацыі, гатэльны комплекс будзе ўключаць значна большую тэрыторыю, чым плошча гэтых двух будынкаў. Таму ўзьнікае падазрэньне, што або гэтыя будынкі аб’яднаюць у адзін, або будуць дадаваць паверхі. У зьвязку з гэтым, я і хацеў даведацца ў аблвыканкаме пра зьмест дамовы з гэтай фірмай. На якіх умовах „МФБ Девелопмент“ прадстаўлены дазвол на ажыцьцяўленьне тут гэтага праекту».

Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце