Справа Бяляцкага расколвае ЭЗ

Жонка беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 гадоў турмы, 8 лютага наведала Парыж на запрашэньне Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, віцэ-прэзыдэнтам якой зьяўляецца яе муж. Пра гэта піша француская Le Monde.
Натальля, якая працуе ў дзяржаўным сэктары, ня хоча гаварыць пра палітыку, асьцерагаючыся страціць працу. Турбуючыся пра здароўе мужа, яна сустрэлася ў сераду з прадстаўніком францускага МЗС у правах чалавека Франсуа Зімэрэ.

«Бяляцкі цярпіць ад жахлівай жорсткасьці. Захаваньне падобнага перасьледу каля дзьвярэй Эўропы – дзікі анахранізм», – сказаў пасьля сустрэчы Зімэрэ.

Арыштаваны 4 жніўня 2011 году ў рамках хвалі рэпрэсій у дачыненьні да палітычнай апазыцыі, СМІ і няўрадавых арганізацый, Бяляцкі стаў сымбалем прыгнечанай грамадзянскай супольнасьці. «Яго сапраўднае злачынства ў вачах дзяржавы палягала ў абароне ахвяр дзяржаўных рэпрэсій», – заявіла на саміце АБСЭ ў Вільні 6 сьнежня 2011 году Гілары Клінтан. Зараз сябры і абаронцы Алеся Бяляцкага маюць надзею на прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэміі міру за 2012 год.

Для Захаду сродкі ціску на рэжым у Менску абмежаваныя. Уведзеныя Эўразьвязам санкцыі (забарона на ўезд у ЭЗ для 210 чыноўнікаў зь Беларусі) неэфэктыўныя У сувязі з гэтым разгарэлася спрэчка паміж эўрапейскімі дыпляматамі. «Усе сыходзяцца на думцы, што санкцыі не працуюць, – прызнае Саша Кулаева зь Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. – Таму некаторыя чальцы ЭЗ хочуць адмяніць сьпіс неўязных, іншыя – не. Гэта можна абмяркоўваць, але відавочна адно: ніякі дыялёг зь Менскам недапушчальны да таго часу, пакуль ня вызваленыя палітвязьні. Лукашэнку ўласьціва весьці перамовы, ставячы на кон жыцьцё вязьняў».