Палякі запусьцілі свой першы спадарожнік

Space -- satellite PW-sat, undated

Сёньня ракета Эўрапейскага касьмічнага агенцтва ў Францускай Гвінэі вынесла на арбіту першы польскі спадарожнік Зямлі.
Паводле польскіх СМІ, а 13.00 польскія навукоўцы з цэнтру назіраньня за палётам атрымалі сыгнал са спадарожніка PW-Sat, які пацьвердзіў, што аб’ект пасьпяхова разгарнуў сваю антэну і пачаў працу на арбіце.

Памеры першага польскага спадарожніка вельмі малыя: 10х10х11,3 см. Галоўным заданьнем PW-Sat зьяўляецца выпрабаваньне новай сыстэмы кантраляванага вываду спадарожніка з арбіты. Празь месяц польскі спадарожнік мае разгарнуць адмысловую канструкцыю даўжынёю каля 1 мэтра, якая зьяўляецца ключавой для правядзеньня ўсяго экспэрымэнту. Прыблізна праз год спадарожнік будзе выведзены з арбіты ў атмасфэру, у якой павінен быць цалкам зьнішчаны.