Замежныя дактары для Цімашэнкі

Дактары зь Нямеччыны і Канады, якія разам з украінскімі калегамі будуць абсьледаваць экс-прэм’ера Ўкраіны Юлію Цімашэнку, прыбылі ў Кіеў.
Цімашэнка адбывае турэмнае пакараньне ў Качаноўскай папраўчай калёніі № 54 у Харкаўскай вобласьці. Пры візыт замежных лекараў паведаміла сёньня генпракуратура Ўкраіны.

Прадстаўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) адмовіліся ўдзельнічаць у мэдычным абсьледаваньні Цімашэнкі. «На дадзены момант ствараецца ўражаньне, што наша прысутнасьць будзе залішняй», — заявіла прадстаўнік маскоўскага офісу МКЧК (каардынуе дзейнасьць Чырвонага Крыжу ў Расеі, Беларусі, Украіне, Малдове) Монік Наншен.

У сярэдзіне студзеня Цімашэнка зьвярнулася да кіраўніцтва Качаноўскай папраўчай калёніі з пісьмовай заявай аб адмове ад дапамогі і лекаў, якія ёй давалі турэмныя лекары. Абарона экс-прэм’ера настойвала на правядзеньні незалежнага абсьледаваньня вязьня замежнымі і ўкраінскімі лекарамі, якія не працуюць у сыстэме міністэрства аховы здароўя.

Сёньня адбудзецца нарада па арганізацыі працы міжнароднай мэдычнай групы з удзелам нямецкіх, канадзкіх і ўкраінскіх лекараў, прадстаўнікоў пасольстваў Канады і Нямеччыны, генэральнай пракуратуры Украіны, дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Ўкраіны, міністэрства замежных спраў Украіны і міністэрства аховы здароўя Ўкраіны. Потым чальцы міжнароднай мэдычнай групы накіруюцца ў Качаноўскую папраўчую калёнію.

У кастрычніку 2011 году Цімашэнка была асуджаная на сем гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых пагадненьняў з РФ у 2009 годзе. У канцы сьнежня яе этапавалі ў калёнію ў Харкаве.

Паводле адвакатаў, стан здароўя іх падабароннай з кожным днём пагаршаецца, ёй неабходна лячэньне. Аднак адміністрацыя турмы запэўнівае, што стан здароўя Цімашэнкі не выклікае хваляваньня.