Грамадзкі лідэр году — Алесь Бяляцкі

Цьвікі, упрыгожаныя стужкамі, перадалі працоўным-страйкоўцам у Барысаве.

7 лютага Асамблея няўрадавых арганізацый уручыла прэміі грамадзкім актывістам.
Прэмія была заснаваная Асамблеяй НДА 3 гады таму, каб адзначыць тыя выбітныя грамадзянскія кампаніі, няўрадавыя арганізацыі, актывістаў, якія ў мінулым годзе фармавалі ляндшафт грамадзянскай супольнасьці, тых, хто праявіў сябе самым яркім чынам.

Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч:

«Звычайна ўсплёск грамадзкай актыўнасьці адзначаецца ў нас у тыя гады, калі ў краіне адбываюцца прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія выбары. Летась такіх выбараў не было, але мы сталі сьведкамі шматлікіх падзей у грамадзкім сэктары: як гучных, так і маўклівых, як выніковых, так, на жаль, часам і безвыніковых, ад натхняльных, узьнёслых да сумных і нават трагічных.

Сяргей Мацкевіч



У намінацыі «Месца году» перамагла галерэя «Ў».

Арт-дырэктар галерэі Ганна Чыстасэрдава: «Нам вельмі прыемна, што прасоўваньне сучаснай беларускай культуры таксама робіцца і непасрэдна вашымі рукамі. Дарэчы, у сераду адбудзецца прэзэнтацыя праекту „Прэс-фота — 2011“».

Найлепшай грамадзкай ініцыятывай году аўтарытэтнае журы з 38 прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў і амаль дзясятка мінулагодніх пераможцаў прызнала праект «Народны журналіст». Дарэчы, у складзе журы — шмат аўтарытэтных асобаў: рэжысэр Валер Мазынскі, лінгвіст Пётра Садоўскі, культуроляг Вацлаў Арэшка ды іншыя.

У базе «Народнага журналіста» цяпер больш за 300 чалавек па ўсёй Беларусі, і улада ў некаторых рэгіёнах проста замітусілася, кажа Вінцук Вячорка:

«Наша пераможца першага туру, Валянціна Шалейнікава, знакамітая змагарка за Севастопальскі парк, выйграла адно са змаганьгняў — за дзіцячы садак побач з паркам. А калі знакаміты блюзмэн зь Бялынічаў, ён жа народны журналіст Юрась Несьцярэнка, пайшоў фатаграфаваць дзікасьці і хібы на свой аматарскі фотаапарат, то ўжо ў працэсе гэтых здымкаў уладу апанавала шаленства, і яны хуценька паправілі ўсё, што маглі».

У намінацыі «Рэгістрацыя году» было ўсяго толькі 6 прэтэндэнтаў.

Вядоўца імпрэзы Юлія Сівец: «Увогуле, калі б Мін’юст рэальна працаваў, заглядаючы ў законы і Канстытуцыю, то прэтэндэнтаў у намінацыі „Рэгістрацыя году“ было б значна болей. А так наш Мі’юст, як той акаўнт малакамунікабэльны ў „Фэйсбуку“, мае мала сяброў. Зрэшты, самі і вінаватыя».

У намінацыі «Рэгістрацыя году» перамог «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю».

А вось што да намінацыі «Не рэгістрацыя году», прэтэндэнтаў вельмі шмат, кажа вядоўца імпрэзы Мякола Бянько:

«Для таго, каб іх усіх падлічыць, напэўна, спатрэбіцца звышмагутнасьць кампутара Саюзнай дзяржавы „Скіф“, інакш проста ня справіцца — настолькі шмат палітычна матываваных, неабгрунтаваных адмоваў дае наш дарагі Мін’юст».

У намінацыі «Не рэгістрацыя году» журы прызнала найбольш арыгінальнай адмову «Цэнтру разьвіцьця валантэрства». Прычына — кіраўнік цэнтру Мікалай Кванталіяні адмовіўся прыняць умовы рэгістрацыі — супрацоўніцтва з КДБ:

«Тыя ўмовы, на якіх яны прапаноўвалі рэгістрацыю, былі для мяне адназначна непрымальнымі».

Мікалай Кванталіяні



Найлепшай кампаніяй году прызнаная кампанія па зборы подпісаў за непрыняцьце закону аб некамэрцыйных арганізацыях.

Юрыст і палітоляг Юрась Чавусаў: «Закон не прыняты, а подпісаў мы сабралі, напэўна, рэкордную колькасьць у гісторыі такіх кампаній — 370 тысяч чалавек уваходзяць у арганізацыі, якія падпісаліся супраць гэтага закону.

Найлепшай рэгіянальнай падзеяй году абвешчаны страйк супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гораду Барысава. Самі супрацоўнікі ЖКГ пабаяліся прыбыць на цырымонію і дэлегавалі барысаўскага журналіста Міхаіла Васільева. Да дыплёму, гадзіньніка і кубкаў барысаўскім камунальнікам перадалі цэлы набор цьвікоў зь бел-чырвона-белымі банцікамі:

«Гэта такія самаробныя падарункі. Як сказаў клясык, „цьвікі б рабіць з такіх людзей“, як прадстаўнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гораду Барысава».

Міхаіл Васільеў



«Крэатывам году» прызнаны электронны сайт наяўнага абмену валют Prokopovi.ch. Але стваральнікі сайту не адважыліся прыйсьці за ўзнагародай і даслалі свой аўдыёзварот:

«Мы сапраўды хацелі б прысутнічаць, але застацца на свабодзе хочацца яшчэ больш. Ідэя даслаць запрашэньне самому Пракаповічу — усё ж такі мы пазычылі яго сьветлы вобраз і імя — на жаль, не знайшла падтрымкі ў часткі нашага калектыву».

Так што ўзнагарода пакуль застаецца ў офісе Асамблеі НДА.

Грамадзкім лідэрам году стаў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Паколькі ён знаходзіцца за кратамі, узнагароду прыняў ягоны калега Валянцін Стэфановіч:

«Паколькі наш галоўны „лесавік“ пакуль ня з намі, але, нягледзячы на 30-градусныя маразы, магу вам з упэненасьцю сказаць, што вясна ўсё ж такі прыйдзе».


Узнагароду Алеся Беляцкага перадалі Валянціну Стэфановічу і Тацяне Равяцы.



Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыплёмы і падарункі.