ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць іранскага Цэнтрабанку

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў распараджэньне аб увядзеньні новых санкцыяў супраць Ірану — будуць замарожаныя ўсе авуары Цэнтрабанку Ірану, якія знаходзяцца пад амэрыканскім кантролем, у тым ліку ў замежных філіях банкаў ЗША.

У дадатку да дакумэнту Абама патлумачыў неабходнасьць санкцыяў тым, што цэнтральны і іншыя банкі Ірану хаваюць свае апэрацыі з бакамі, якія ўжо знаходзяцца пад санкцыямі, а таксама тым, што дзейнасьць Ірану нясе вялізную рызыку для міжнароднай фінансавай сыстэмы.

Пры канцы 2011 году ўзмацненьне санкцыяў было ўжо ўхвалена Кангрэсам ЗША.

Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз чыняць ціск на Іран з тым, каб той адмовіўся ад рэалізацыі сваёй ядзернай праграмы, якая, на думку заходніх краінаў, можа насіць вайсковы характар.