Ужо сёньня, 3 лютага

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

МАРОЗ...


...дый годзе. Тэмпэратура: −25 — −19.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Менскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1 / 3) адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова, які зьбіраецца даказаць незаконнасьць свайго затрыманьня 19 сьнежня 2011 г. Пачатак у 15.00.

Гурт «FolkRoll» і Наста Някрасава ў КЗ «МІНСК» (малая сцэна). Канцэрт з нагоды дня народзінаў сьпявачкі. Пачатак а 19.00.

У Мюнхэне адкрываецца трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньням бясьпекі. На канфэрэнцыі мае выступіць сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Гілары Клінтан.

* * *

У вечаровым эфіры Радыё Свабода слухайце, сярод іншага, перадачу «Госьці Свабоды», у якой выступяць тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі, рэжысэр-мультыплікатар Міхал Тумеля і бард Аляксей Галіч. Акрамя гэтага, сьвежая «Экспэртыза» ды паўторы перадач «Дзеці» і «Падарожжа».

* * *

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1926 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускае слова», выданьне Часовай беларускай рады, потым Беларускай нацыянальнай рады (выдавалася да 9 лютага 1928 г.).

1927 — у мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

1993 — Вярхоўны Савет Беларусі адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі Беларусі. За аднаўленьне дзейнасьці КПБ прагаласавала камуністычная большасьць парлямэнту.

У гэты дзень нарадзіліся:

1952 — Алег Манаеў, беларускі сацыёлаг.

У гэты дзень памерлі:

1964 — Станіслаў Лявонавіч Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, паэт, выдавец.

1989 — беларускі скульптар Анатоль Анікейчык.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


«Большасьць тых, якія чыталі «Камуністычны маніфэст», мабыць, і ня ўяўлялі сабе, што ён быў напісаны двума маладымі аўтарамі, якія не прапрацавалі ні аднаго дня ў сваім жыцьці, але, тым ня менш, сьмела выступалі ад імя «работнікаў».

Томас Соўэл, амэрыканскі эканаміст

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:


Насту Палажанку пакінулі пад вартай

Беларускай апазыцыі паабяцалі 120 млн даляраў

Памёр беларускі эміграцыйны гісторык Павал Урбан