У Позенятах слухаюць «Свабоду» і прагнуць дажыць да яе

На пачатку году з Івейшчыны да мяне прыйшоў адрасны шчыры ліст-запрашэньне ў вандроўку, які дарагі дагэтуль. Пісала зь вёскі Позеняты сталая слухачка Радыё Свабода ды, у прыватнасьці, нашых «Падарожжаў», 80-гадовая «цётка Браніслава» — прозьвішча не пазначыла. «Вазьміце з сабой як мага больш беларускага» — заканчваўся допіс. Намалявана была і падрабязная схема, як даехаць да паселішча, хоць яно нібыта за дзясятак кілямэтраў ад аўтабану на Менск. Але вартасьць яе давялося ацаніць пасьля. Прапанову ж прыехаць да завочных знаёмцаў успрыняў з энтузіязмам. Тым больш цётка Броня паведаміла, што на пачатку лютага замовіла падтрымальную імшу для ўсіх палітычных зьняволеных ды іх сем’яў. Піша: «Малюся за іх».

Да Позенятаў дарога вілася ці не партызанскімі сьцежкамі. Але вось перада мной пустэльная ваколіца вёсачкі, якую ўсю льга схапіць вокам. Праз пэўны час убачыў сярэдняга веку мужчыну, зь якім не прамінуў пазнаёміцца.



Карэспандэнт: «Завуць Франак, а як прозьвішча?»

Франак: «Ёсіфавіч…»

Карэспандэнт: «У цябе прозьвішча Ёсіфавіч?»

Франак: «Так, польскае, бацька Тафілевіч. Працуе ж, у каго якая адукацыя…»

Карэспандэнт: «А на каго ты вучыўся?»

Франак: «На кранаўшчыка, агранома. Можна працаваць, але не магу пакінуць бацькоў, бо адзін застаўся. А далей што — ня ведаю…»

Карэспандэнт: «Што ты думаеш пра тое, што з намі творыцца?»

Франак: «Далей — страшней. Найбольш цэны — шух-шух, прачнуўся, глядзіш — бохан хлеба падаражэў…»

Карэспандэнт: «А што ў Позеняты прыходзіць?»

Франак: «Аўталаўка тры разы на тыдзень. А во палітыкан ідзе!»

«Палітыканам» аказаўся 40-гадовы кіроўца і, як адрэкамэндаваўся, «католік ды паляк», спадар Казімір Горбач, які і ўзяўся правесьці мяне да цёткі Броні, як высьветлілася, сястры ягонай маці. Настроіўся адразу на дружалюбны лад.

Казімір: «Ты Віталь — сын у мяне Вітоль таксама, дзед быў Вітольдавіч. І Вітаўт быў у Вялікім Княстве Літоўскім…»

У Казіка, як клічуць яго знаёмыя, апроч каровы ды каня, аж 40 вульлёў, што месьцяцца пасярод саду, куды зайшлі па шляху. Там ён сам завёў гаману пра жыцьцё ды палітыку.



Казімір: «Ня трэба пра Лукашэнку! Прадсядацель у калгасе парадак не навядзе, ня тое што прэзыдэнт у дзяржаве. „Дынама“ ў Менску грае, хакей строіць — ну і… зь ім! (сьмяецца). Некалі мае дзяды па 30 га зямлі мелі, а я цяпер не хачу 30 сотак. Бачыш, во мая пасека стаіць — якая розьніца, хто будзе прэзыдэнтам?! 30 год стажу з пчоламі. Во свая хата, ня трэба калгаснай. Ты кажаш — калгас. За што я туды пайду — за дзень-ноч рабіўшы, мільён заробіць? Трэба мільёнаў дзесяць атрымліваць, каб жыць! Паехаў атабарыцца — кілю водкі, кілю сялёдкі і 150 тысяч! Нашто гэта палітыка?! Канечне, трохі ён надаеўшы — мяняцца павінна, як у нармальных цывілізаваных дзяржавах, праз 2 срокі. Пайшлі, „Белсат“ уключым і паглядзім. Трэба ісьці толькі пад Эўропу! Мы пры Расеі нічога ня бачылі — абабралі! Мой дзед пасьля 16 год на Поўначы, прыйшоўшы, хату зрабіў унуку і памёр у 80 год у 88-м годзе. Але як паехаў Гарбачоў да Рэйгана, сказаў, што такая дзяржава, як Саюз, вайной не абваюеш — разваліцца. І развалілася!»

Размову перапыніла, падышоўшы, 76-гадовая маці Марыя Браніславаўна, якая адразу паскардзілася карэспандэнту на самае сваё балючае.



Марыя: «Пэнсію атрымліваю 470 рублёў…»

Карэспандэнт: «А ведаеце, што мінімальны заробак ужо мільён?»

Марыя: «А чаму няма яго? На палках хаджу, і групы не дадуць — на ровары тры гады не заеду. А працавала ў калгасе за 30 рублёў і працадзень, толькі што кошык бульбы возьмеш дахаты. А цяпер у нас быльнікі-шыльнікі, ані платоў — каб парадак які на вёсцы! А чаму на вёску грошай не даюць?!

Ізноў да размовы з Казімірам.

Карэспандэнт: «Чалавек 100 ёсьць тут?»

Казімір: «Сьмяесься, за 50. Некалі толькі маладых хлапцоў чалавек 40 было…»

Карэспандэнт: «Ці не самотна прыяжджаць зь Іўя, дзе працуеш, у Позеняты, дзе менш за 100 жыхароў?»

Казімір: «У мяне сад добры, пасека — я адпачываю. Закусіць — кабанчыка закалоў. Але ты пішы — як можна трымаць кабана, калі пара парсючкоў усяго 900 тысяч каштуюць, мяшок мукі — 60–70 тысяч, а мяшок зерня, як курам, 85 тысяч? Той год я палучаў даляраў 300, а цяпер — 900 тысяч. А двое дзетак — і думаю, як іх апрануць, калі боты каштуюць мільён 200?!»

* * *
На падыходзе памянёны Казік паінфармаваў пра цётку Браніславу:

Казімір: «Рабіла, як усе людзі, а пэнсіі атрымлівае рублёў 600. Жыве з сынам — на ксяндза вучыўся…»

Нарэшце перада мной някідкая з выгляду, прыземістая хаціна цёткі Браніславы. Зьяўляецца шляхетная кабета з прыязнымі, усьмешлівымі вачыма. Пасьля ўзаемных прывітаньняў пачынаем гаману.



Карэспандэнт: «Вы „Свабоду“ пастаянна чуеце?»

Браніслава: «Я штодзень слухаю — і чакаю „Свабоды“! Мне ўжо 80 гадоў, і думаю, што свабода мне можа быць на тым сьвеце» (сьмяецца).

Карэспандэнт: «А вы ў лісьце не назвалі сваё прозьвішча…»

Браніслава: «Я Браніслава Браніславаўна Федаровіч па мужыку, а было дзявочае прозьвішча Мікулка. Хачу гісторыю сваю расказаць — вы будзеце плакаць, ой! Да вайны мы багата жылі — у бацькі было 30 га зямлі, 50 калод пчол, 4 каровы, 15 бараноў, малацілка была, наймалі бульбу жаць.

Потым паявіліся ў нас чырвоныя партызаны Толік і Саша і пачалі нас раскулачваць. Потым рашылі забіць нас. Падружка кажа — Броня, ідзі да нас начаваць. А тутака Толік спаліў гумно, павыбіваў у хаце вокны з рамамі — падпаліў нас.

Тады бацька запрог каня і паехалі ў Іўе — івейскія немцы далі нам хату жыдоўскую, і мы жылі. Пачалася вайна — я ў жыда Гарбача каровы пасьвіла і засталася ў кустах з гэтымі каровамі. Бо вяртацца не было куды — там гета. Начавала ў швэдарцы адной, даіла жменяй у руку, бо не было вядра і кубка, і гэта малако піла. І сьвірэпу лушчыла, што на полі зьбірала.

Бацька ж у Краёвую пайшоў. Яго ў Вілейцы забралі, далі 10 год. А мне камсамольцы галаву былі пабіўшы, граблі загнаўшы. Дык і палілася кроў у мяне…»

Зь цёткай Броняй пераходзім да палітычных тэмаў. Пытаюся, як далучылася да апазыцыйнай працы.

Браніслава: «У 94-м я была на сходзе ў Іўі тут — Пазьняк прыехаў. Мяне абралі ў клюбе людзі назіральніцай, і афішы Пазьняковы разносіла па вёсках і клеіла. Таму што ён наш хлопец, з Суботнікаў, і нашто нам расейскія гэтыя?! Я галасоў сабрала па татарах — усе за Пазьняка!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А вы на вёсцы заўжды самая актыўная былі?»

Браніслава: «Знаеш, дзеўка была і на танцы, і на песьні. Прасьпяваць што-небудзь? Прасьпяваю! Умею і польскія, і беларускія песьні.

Ох вы, дзевачкі беларускія,
не ўлюбляйцесь ў васточных рабят.
Бо васточныя ўсе жанатыя —
ў аблуджэньне даводзяць дзяўчат…

Шэсьць дзяцей выгадавала. Жыла — соткаў не давалі. А цяпер свабоду далі — начальства пытаецца: цётка Броня, а колькі табе зямлі даць? Не хачу шмат, не хачу! Хачу рабіць, але не магу — хворая. Мяне ўгробілі бальшавікі. Яшчэ й паміраць не хачу — слухаю «Свабоду» і хачу паглядзець, чым усё скончыцца!»

Цётка Броня расказвае адну з сваіх прыпавесьцей-казак.
Яшчэ й паміраць не хачу — слухаю «Свабоду» і хачу паглядзець, чым усё скончыцца!

Браніслава: «Пан меў шмат бараноў. Трава зазелянела — думае, як іх выпусьціць са свайго дварца. Пастухоў не абаружыў, а воўк стары, хітры ляжаў. І як кінуўся ў гэтыя бараны, а пастухі без аружыя. Пабіў гэтыя бараны і пану нанёс загану. Дык куды яны выйшлі, калі ня маюць войска, з Лукашэнкам ваяваць?! За гэта я пяцёркі не пастаўлю — селі, чаго ты ня ўцёк ад машыны?! Ды вас на Плошчы столькі было! Жалка, што ў мяне ногі баляць — я б была ў Менску!»

Карэспандэнт: «Цётка Браніслава, што вы хочаце, каб зь Беларусьсю нашай было?»

Браніслава: «Каб Беларусь была, не абіжала ўлада людзей пастрадалых, каб не былі нагамі затаптаныя. І каб з нас не сьмяяліся лукашысты. Бо я моцна шкадую, што іх пасадзілі ў турмы. Каб не тапталі адно аднаго самі. Хай Лукашэнка людзей гэтых ня мучыць, і дзеці іх каб без бацькоў ня мучыліся!»

На заканчэньне цётка Броня дала мне «партыйнае» заданьне:

«Скажы Пазьняку, каб мне добры падарунак зрабіў на 28 сакавіка — мне 80 гадоў будзе. І сам каб прыехаў зь ім разам! Будзе вясна!»