Беларусы заклікалі да сумленьня эўрадэпутатаў

Беларусы Францыі, Бэльгіі і Нямеччыны правялі інфармацыйны пікет каля будынку Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры.
Пікетоўцы выйшлі на акцыю зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і ў бел-чырвона-белых шаліках. Некаторыя трымалі плякаты зь лёзунгамі, напісанымі па-ангельску і па-француcку: «Эўрапейскія палітыкі, абудзіце ваша сумленьне і адказнасьць!», «Спыніце імітацыю барацьбы супраць дыктатуры ў Беларусі», «Мы за выбары без Лукашэнкі». Некалькі плякатаў былі прысьвечаныя беларускім палітвязьням: плякат з партрэтамі Саньнікава, Бяляцкага, Статкевіча, Аўтуховіча, Бандарэнкі, Дашкевіча і подпісам «Закладнікі дыктатарскага бізнэсу», партрэт віцебскага сябра КХП БНФ з подпісам «Сяргей Каваленка 38 дзён трымае галадоўку пратэсту». Таксама быў плякат з патрабаваньнем захаваць жыцьці Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву, абвінавачаным у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году і асуджаным на расстрэл.

Падчас пікету было распаўсюджана некалькі соцень улётак «Здрада ці параза Эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі?» Пікет адбыўся 25 сьнежня ў часе пасяджэньня ПАРЭ.