Міжнародны суд пакуль ня вырашыў, дзе судзіць сына Кадафі

Арыштаваны Сейф аль-Іслям Кадафі

Міжнародны крымінальны суд пакуль не прыняў рашэньня, дзе павінен адбыцца працэс над сынам зрынутага лібійскага дыктатара Муамара Кадафі Сейфам аль-Іслямам. Пра гэта заявіў у панядзелак прадстаўнік суду.
Раней сёньня ж міністар юстыцыі Лібіі Алі Халіфа Ашура заявіў, што зь Міжнародным крымінальным судом, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Гаазе, дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што сына Кадафі, які абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасьці пры спробе спыніць паўстаньне мінулага году, будуць судзіць на радзіме. У Лібіі Сейф аль-Ісляму пагражае сьмяротнае пакараньне.

Сын Муамара Кадафі, які граў важную ролю ў кіраўніцтве краіны ў апошнія гады праўленьня свайго бацькі, быў арыштаваны на поўдні Лібіі ў лістападзе мінулага году, калі супраціў прыхільнікаў Кадафі ўжо быў цалкам зламаны. Сам Муамар Кадафі быў забіты пры захопе яго атрадамі Нацыянальнай пераходнай рады гораду Сірт месяцам раней.