Асад не зьбіраецца сыходзіць

Эўрапейскі Зьвяз прыняў сёньня новыя санкцыі ў дачыненьні да Сырыі, пад іх трапілі 22 супрацоўнікі сырыйскіх спэцслужбаў і восем прадстаўнікоў ведамстваў, якія працуюць са спэцслужбамі.
Гэтыя санкцыі прадугледжваюць замарожваньне актываў і забароны на выдачу віз для наведваньня краін ЭЗ.

Паводле дадзеных ААН, за 10 месяцаў хваляваньняў у Сырыі загінулі 5400 чалавек.

Учора па пасяджэньні Лігі арабскіх дзяржаваў у Каіры міністры замежных справаў краін Лігі прынялі дакумэнт, які ўтрымлівае патрабаваньні адстаўкі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, правядзеньня датэрміновых выбараў.

Учора Ліга таксама падоўжыла яшчэ на месяц мандат місіі назіральнікаў у Сырыі, якія павінны сачыць за тым, як выконваецца ўладамі краіны плян мірнага ўрэгуляваньня ўнутранага канфлікту.

Сёньня Сырыя адпрэчыла патрабаваньні Лігі арабскіх дзяржаў.

Як перадала тэлекампанія «Аль-Джазіра», на сырыйскім тэлебачаньні быў працытаваны неназваны прадстаўнік ураду, які назваў прынятую Лігай рэзалюцыю «змовай супраць сырыйскага народу».