Амбасадар Кэлі: ЗША будуць падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларусаў

Амбасадар ЗША пры АБСЭ Іэн Кэлі выступіў з заявай наконт Беларусі ў Пастаянным камітэце гэтай арганізацыі ў Вене.
Амбасадар Кэлі выказаў сур’ёзную заклапочанасьць Злучаных Штатаў усё горшай сытуацыяй з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі.

У прыватнасьці, Іэн Кэлі згадаў нядаўна ўведзеныя ў жыцьцё папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс Беларусі, якія накладаюць дадатковыя абмежаваньні на карыстаньне інтэрнэтам у краіне.

Кэлі таксама адзначыў арышт журналіста Белсату Аляксандра Баразенкі ды абвостраныя ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Мікалая Статкевіча.

Пад канец свайго выступу ў Пастаянным камітэце АБСЭ амбасадар Кэлі згадаў парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі сёлета, і сказаў:

«Пашана і захаваньне асноўных свабодаў — свабоды выказваньня ды свабоды сходаў і згуртаваньняў — у адпаведнасьці з абавязаньнямі АБСЭ зьяўляецца абсалютна неабходнай для правядзеньня свабодных, справядлівых і вартых даверу выбараў. Мы па-ранейшаму будзем падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу нашай дапамогай і ўдзелам».