Берасьце: справу аб дактыляскапіі перанесьлі

Сяргей Вельгас

Разгляд адміністрацыйнай справы берасьцейскага актывіста АГП і кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Вельгаса аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі перанесьлі. Судзьдзя Алена Дзенісенка вырашыла выклікаць міліцыянтаў на паседжаньне.
У Ленінскім судзе Берасьця разглядаецца справа інжынэра-праграміста Сяргея Вельгаса, які адмовіўся ад дактыляскапіі. Міліцыянты за гэта склалі на яго пратакол аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

У судзе спадар Вельгас даводзіў, што ён не адмаўляўся ад праходжаньня дактыляскапіі ўвогуле, а толькі не пагаджаўся здаваць адбіткі ў той час, які яму прапаноўвалі міліцыянты. Сяргей Вельгас тлумачыў, што ён ня мог прыйсьці ў той дзень, на якім настойвалі міліцыянты, бо меў іншыя справы:

«Дактыляскапічную рэгістрацыю я маю намер прайсьці. Аднак настойваю на сваім праве праходзіць яе ў адпаведнасьці з законам, у адпаведнасьці з маімі правамі. І я настойваю на тым, што ў супрацоўнікаў міліцыі няма права змушаць мяне праходзіць дактыляскапію ў той час, калі хочуць яны. Наадварот, гэта ў мяне ёсьць права выбіраць, калі я магу выканаць закон аб дактыляскапічнай рэгістрацыі. Але закон не павінен абмяжоўваць мяне ў тым, які час выбраць для гэтага. Хачу адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі выказалі надзвычайную непавагу да маіх правоў як грамадзяніна».

Your browser doesn’t support HTML5

Сяргей Вельгас



Кіраўнік берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі АГП Аляксандар Міхайлоўскі адзначыў, што судзьдзя Алена Дзенісенка задавала Сяргею Вельгасу пытаньні не па сутнасьці:

«Калі Сяргей апэляваў да невыкананьня яго правоў, судзьдзя папытала яго, ці лічыць ён, што ўлады Кітаю парушаюць правы іншаземцаў, якія абавязаныя прайсьці дактыляскапію перад уездам у Кітай. Незразумела было, ці гэта судзьдзя іранізуе, ці яна проста не разумее таго, што чалавек можа адстойваць свае правы», — кажа Аляксандар Міхайлоўскі.

У выніку судзьдзя Ленінскага суду Алена Дзенісенка абвясьціла перапынак у паседжаньні для таго, каб выклікаць міліцыянтаў. Наступнае судовае паседжаньне пачнецца 23 студзеня а 14:15.