«Дзень цемры» на ангельскамоўнай вікіпэдыі

Сёньня ангельская вэрсія папулярнай онлайн-энцыкляпэдыі Wikipedia абвясьціла «Дзень цемры», закрыўшы сайт на 24 гадзіны на знак пратэсту супраць амэрыканскіх законапраектаў, якія, паводле яго апанэнтаў, могуць абмежаваць свабоду ў інтэрнэце.
Сьвет ужо прызвычаіўся да «Дзён гневу», калі палітычныя актывісты ў розных краінах ладзяць вулічныя пратэсты.

Аднак з «Днём цемры» мы маем справу ўпершыню.

Гэтую акцыю абвясьціла Wikipedia — ангельская вэрсія гэтага папулярнага рэсурсу, створанага глябальнымі калектыўнымі намаганьнямі закрылася на 24 гадзіны, пачынаючы ад 8.00 менскага часу.

Галоўная старонка расейскай вікіпэдыі з абвесткай аб Дні цемры

Да акцыі англамоўнай вікіпэдыі далучыліся некаторыя іншыя - напрыклад італьянская, харвацкая. Банэры з абвесткай аб "Дні цемры" зьмясьцілі на сваіх старонках бальшыня разнамоўных вікіпэдыяў. На момант падрыхтоўкі артыкулу абедзьве беларускія вікіпэдыі (клясычным і афіцыйным правапісам) ніяк на сёньняшнюю акцыю не адрэгавалі.

Мэта гэткага «зацямненьня» — прыцягнуць увагу да законапраектаў, пададзеных на разгляд Кангрэсу ЗША, якія, паводле думкі шматлікіх інтэрнэт-правайдэраў, значна павялічаць магчымасьці ўладаў кантраляваць інтэрнэт.

Дзеля таго, што важная частка інтэрнэт-рэсурсаў — найбуйнейшыя пошукавыя машыны і сайты сацыяльных сетак — фізычна разьмешчаныя ў ЗША, правайдэры папярэджваюць, што прыняцьце законаў можа закрануць інтэрнэт-сайты па ўсім сьвеце.

Згаданыя законапраекты — «Закон аб спыненьні онлайн-пірацтва» («Stop Online Piracy Act» — SOPA) і «Закон аб абароне інтэлектуальнай уласнасьці» («Protect IP Act» — PIPA) — маюць дачыненьне да сутыкненьня інтарэсаў дзьвюх магутных сілаў.

З аднаго боку гэта «індустрыя забаваў», якая на працягу дзесяцігодьздзяў дамагаецца ўзмацненьня заканадаўства для барацьбы зь пірацкім пашырэньнем аўдыё- і відэаматэрыялаў праз інтэрнэт. Кінакампаніі і фірмы гуказапісу паведамляюць пра мільярдныя страты штогод з-за такое, што карыстальнікі інтэрнэтам бясплатна абменьваюцца матэрыяламі, ахоўванымі аўтарскі правам.

З другога боку канфлікту — індустрыя кібэрпрасторы. Гэта сусьвет, які разьвіваецца за кошт інавацыяў і свабоды інфармацыі і ня надта прыязна глядзіць на спробы нейкіх карпарацыяў або ўладаў дыктаваць яму свае ўмовы.

Кінэматаграфічная і музычная індустрыя хочуць перакласьці цяжар адказнасьці за выяўленьне піратаў з праваахоўных органаў на самі інтэрнэт-кампаніі. Адзін з спосабаў гэта зрабіць палягае ў тым, каб прымусіць пошукавыя сыстэмы абмежаваць доступ да сайтаў, якія пашыраюць пірацкія, падробленыя або скрадзеныя матэрыялы.

Апошнімі месяцамі на гэтай антыпірацкай хвалі зьявіліся законапраекты, галасаваньне па якіх мае адбыцца ў абедзьвюх палатах Кангрэсу ЗША пазьней сёлета.

Адначасна з гэтым інтэрнэт-кампаніі распачалі контратаку. Яму цьвердзяць, што прапанаваныя законапраекты дадуць уладам занадта вялікую свабоду накладаць абмежаваньні на сайты без дапамогі судоў.

І гэта, паводле інтэрнаўтаў, абмяжуе інавацыі і свабоду слова і такім чынам створыць перашкоды для функцыянаваньня інтэрнэту. Апанэнты законапраектаў кажуць, што кінастудыі і фірмы гуказапісу мусілі б шукаць вырашэньне сваіх праблем не ў абмежаваньнях і забаронах, а ў больш творчым падыходзе да маркетынгу сваёй прадукцыі. Замест таго, каб чапляцца за састарэлыя схемы пашырэньня прадукцыі праз продаж CD i DVD, яны мусілі б пашукаць нейкую рэальную альтэрнатыву.

Тым часам Белы дом таксама выказаў жаданьне далучыцца да дэбатаў аб аўтарскіх правах і пірацтве. У адным з блогаў прэзыдэнцкай адміністрацыі ў апошнія выходныя зьявіўся запіс, што Белы дом не падтрымае «законапраект, які абмяжоўвае свабоду выказваньняў, павышае рызыку кібэрбясьпекі або падрывае дынамічны, інавацыйны глябальны інтэрнэт».