«Я не адчуваю, каб у грамадзтве былі шырокія салідарныя настроі»

Паўлюк Быкоўскі

За апошнія тыдні ў Беларусі адбылося некалькі лякальных выпадкаў вытворчых канфліктаў і праяваў салідарнасьці працоўных супраць уціску адміністрацыі прадпрыемстваў. Ці можна сказаць, што ў краіне растуць пратэстныя настроі? Якімі сродкамі ўлада будзе імкнуцца гасіць такія канфлікты? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.
Цыганкоў: Ці сьведчаць тыя выпадкі, якія адбыліся на Мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт», на «Сельскім будаўнічым камбінаце» ў Віцебску, калі людзі выходзілі з ФПБ — ці сьведчаць яны пра тое, што можна казаць пра рост сацыяльнай незадаволенасьці? Ці можна сьцьвярджаць, што гэта сьведчыць пра істотнае падвышэньне сацыяльнай напружанасьці ці такія высновы з асобных выпадкаў немагчыма рабіць?

Быкоўскі: На маю думку, пакуль няма падставаў казаць, што назіраецца рост пратэстных настрояў. Тым больш што паводле сацыялягічных дадзеных, апублікаваных НІСЭПД, у сьнежні адбылося нават пэўнае зьніжэньне пратэстных настрояў, намеру прыняць удзел у нейкіх дзеяньнях.

Нават у тых выпадках, калі ў рэгіёнах адбываюцца скарачэньні на горадаўтваральных прадпрыемствах, не было пакуль што прэцэдэнтаў масавых акцыяў пратэсту. Людзі, якія застаюцца, баяцца шукаць працу, а тыя, каго скарацілі, шукаюць новую працу ў Беларусі ці за мяжой.
Прыклады таго, калі людзі выходзілі з ФПБ, афіцыйнага прафсаюзу — гэта, безумоўна, сымптом, але пакуль будзе заўчасна казаць, што гэта шырокая тэндэнцыя.

Цыганкоў: Як можна ацаніць дзеяньні ўладаў у такіх выпадках? Яны, як здаецца, спрабуюць даволі жорстка ціснуць на арганізатараў пратэсту і разам з тым імкнуцца залагодзіць большасьць?

Быкоўскі: На маю думку, дзеяньні ўладаў будуць менавіта такімі, бо гэты спосаб працуе. Калі збольшага вырашаецца сацыяльная праблема, то шараговаму чалавека вельмі цяжка выказваць салідарнасьць і ставіць пад пагрозу свой дабрабыт. Я не кажу, што гэтага зусім няма, але я не адчуваю, каб гэта былі вельмі шырокія настроі ў грамадзтве.

Калі параўноўваць з тым, як гэта было ў часе распаду СССР, то мне здаецца, што тады калектывісцкія і салідарныя настроі больш выяўляліся, і больш упэўнена можна было прадказваць выступы працоўных. А зараз хутчэй атрымліваюцца акцыі пратэсту на невялікіх прадпрыемствах. А на буйных заводах, калі адзін цэх дабіваецца нейкіх сваіх правоў, то ў іншых цэхах могуць нават ня ведаць, што былі нейкія пратэсты.