Таджыцкія журналісты патрабуюць расьсьледаваньня нападу на калегу ў Маскве

Журналісты Таджыкістану патрабуюць ад праваахоўных органаў Расеі дакладнага расьсьледаваньня нападу ў Маскве на свайго калегу Дададжона Атавулоева.

Адпаведная заява была сёньня падпісаная прадстаўнікамі трох журналісцкіх арганізацый краіны.

Вечарам 12 студзеня невядомы нанёс таджыцкаму апазыцыянэру і журналісту Атавулоеву раненьні нажом у маскоўскім рэстаране. Пацярпелы, які зьяўляецца лідэрам таджыкскага руху «Ватандор», вядомы рэзкай крытыкай палітыкі прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона. Некалькі гадоў таму па палітычных матывах ён эміграваў у Расею.


Атавулоева сёньня праапэравалі, і ягонаму жыцьцю не пагражае небясьпека.