Пэнтагон абяцае пакараць сваіх салдат за бясчынства

Міністар абароны ЗША Леан Панэта загадаў правесьці расьсьледаваньне паводзінаў марскіх пехацінцаў на відэазапісе, дзе паказваецца, як амэрыканскія салдаты мочацца на целы забітых талібаў у Аўганістане. Панэта абяцаў сувора пакараць віноўнікаў бясчынства.
Учора на сайце YouTube нехта выклаў відэаролік, на якім відаць, як чатыры салдаты ў абмундзіраваньні амэрыканскіх пехацінцаў спраўляюць малую патрэбу над целамі забітых баевікоў.

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан сказала, што відэаролік выклікаў у яе «татальны шок». Прэс-служба прэзыдэнта Аўганістану Хаміда Карзая выказала «глыбокае абурэньне» гэтым інцыдэнтам. А прэсавы прадстаўнік Талібану назваў відэаролік «барбарскім».

Сёньня амэрыканскія СМІ паведамілі, што сьледчым удалося ідэнтыфікаваць двух з чатырох марскіх пехацінцаў, якія паказаны на відэароліку ў акце зганьбаваньня целаў забітых. Пехацінцы на відэазапісе нібыта належаць да вайсковай адзінкі, якая знаходзіцца ў вайсковай базе Кэмп Леджун у штаце Паўночная Караліна. Гэтая адзінка нібыта была высланая ў Аўганістан у пачатку 2011 году і вярнулася адтуль у верасьні або кастрычніку летась.