Галадоўніка Каваленку яшчэ й аштрафавалі

Сяргей Каваленка

Штрафам памерам 140 тысяч рублёў віцебскага актывіста пакарала судзьдзя Першамайскага райсуду Вольга Іванова.
Сябру Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргею Каваленку не ўдалося абвергнуць абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы паводле заявы супрацоўнікаў інспэкцыі выкананьня пакараньняў Першамайскага РАУС.

12 студзеня ў Першамайскі суд былі выкліканыя сьведкі-міліцыянты, якія затрымлівалі Сяргея Каваленку і складалі на яго адміністрацыйны пратакол. Ніхто зь іх ня чуў, каб актывіст брыдкасловіў — яны дзейнічалі паводле загаду, які атрымалі ўжо пасьля таго, як з інспэкцыі паступіў рапарт на Каваленку. Міліцыянты адзначылі хіба тое, што ён быў узрушаны, наракаў на несправядлівасьць і адмовіўся падпісаць пратакол.

Перад пачаткам пасяджэньня ў калідоры суду



У судовай залі таксама панавала ўзрушэньне. Падтрымаць Сяргея прыйшлі некалькі дзясяткаў віцебскіх актывістаў — нават давялося прынесьці дадатковыя лавы. Усіх уразіла, як Сяргей схуднеў і зь якой цяжкасьцю гаворыць, хоць на ўваходзе ён гучна выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Маці падсуднага, Лідзія Каваленка, уголас абурылася тым, што сын вымушаны трымаць галадоўку, бо яго несправядліва вінавацяць, і судзьдзя Вольга Іванова выдаліла яе з залы.

«Закатавалі сына! Выклікайце хуткую дапамогу, няхай яны правераць! Выклікайце хуткую, я не магу глядзець на яго, у мяне сэрца разрываецца!»

Хуткую дапамогу выклікалі двойчы. Сваякі, якіх не дапусьцілі прысутнічаць пры мэдычным аглядзе, ня вераць высновам лекараў, якія абодва разы пацьвердзілі, што ў чалавека, які галадуе 25-ты дзень, здавальняючы ўзровень цукру ў крыві і нармальны ціск.

Каваленку выклікалі хуткую дапамогу



Выйшаўшы з судовай залі, Лідзія Каваленка яшчэ доўга не магла супакоіцца:

«Сын замучаны, як з палону! У мяне сэрца разрывалася ад болю! Ён схуднелы ўвесь, толькі скура ды косьці! Мова замаруджаная... Ён у цяжкім-цяжкім стане».

У такім стане Сяргея Каваленку зноў адправілі ў сьледчы ізалятар. Яго зьмясьцілі пад варту на час сьледзтва па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 415 «Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня».

Каваленку вінавацяць у парушэньнях рэжыму падчас «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за тое, што 7 студзеня ён вывесіў на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг.

Адвакат актывіста Пётар Каваленка зазначыў, што з улікам апошняга прысуду ў крымінальнай справе Сяргея зафіксавана ўжо больш за тры парушэньні рэжыму — хоць і трох было б дастаткова, каб замяніць умоўнае пакараньне на больш жорсткі рэжым утрыманьня. Актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Ён кажа, што будзе працягваць галадоўку пратэсту.

Your browser doesn’t support HTML5

Суд над Каваленкам у Віцебску. No comment