За «нацыста» – турма і $ 25000 штрафу

Ультра-артадаксальны габрэй спрачаецца са сьвецкім чалавекам падчас акцыі пратэсту супраць абяцаньня ўраду ўтаймаваць габрэйскі фанатызм у Ізраілі. Сьнежань, 2011 году

Урад Ізраіля зацьвердзіў праект закону, які прызнае за злачынства параўнаньне кагосьці з нацыстам і злоўжываньне сымбалямі Галакосту. Дакумэнт накіраваны ў парлямэнт, паведамляе Польскае прэсавае агенцтва (PAP).
У праекце прадугледжана пакараньне турмою на паўгода і штрафам, роўным $ 25000, кожнае ўжываньне слова «нацыст» і сымбаляў Галакосту, калі яны ўжываюцца не для навучаньня, дакумэнтацыі або навуковых дасьледаваньняў.

Праект закону падрыхтаваны ў адказ на дэманстрацыі ультраартадаксальных габрэяў, якія выклікалі ўсеагульнае абурэньне, калі апранулі маленькіх хлопчыкаў ў канцлягерныя робы падчас пратэсту – як яны сьцьвярджалі – супраць распальваньня да іх варожасьці ў грамадзтве. Дэманстранты называлі паліцыянтаў нацыстамі.

Арганізацыі абаронцаў грамадзянскіх правоў крытыкуюць прапанаваны закон, кажучы, што ён парушае свабоду самавыражэньня.