БХД: чацьвёртая спроба рэгістрацыі

Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» заявіў пра ціск уладаў на заснавальнікаў пасьля падачы дакумэнтаў у Мін’юст на рэгістрацыю партыі.
З 2009 году гэта чацьвёртая спроба зарэгістраваць БХД.

Ва ўстаноўчым зьезьдзе партыі БХД, які праходзіў у Менску 17 сьнежня, у якасьці дэлегатаў удзельнічалі 5 чалавек зь Мёрскага раёну. Раённы каардынатар аргкамітэту БХД Багуслаў Мацук распавёў пра ціск, які зазналі апошнімі днямі ягоныя аднадумцы:

«У Павяцьці, гэта цэнтар гаспадаркі, ёсьць такі Немянёнак Андрэй. Яго сёньня выклікалі ў райвыканкам, але зараз ён не адказвае на званкі, не магу зь ім злучыцца. А раней на яго ціснулі, каб адмовіўся ад подпісу пад устаноўчымі дакумэнтамі БХД. Прыяжджала да яго з участковым і сакратар сельсавету, казалі, каб адклікаў подпіс, казалі, чаго ты ў тую партыю ідзеш, там табе нічога ня будзе. „Наяжджалі“, карацей, каб напісаў адмову ад подпісу».

Паводле Браніслава Мацука, ціск чыніцца яшчэ на бухгальтарку Натальлю Лаўрэнаву і на хатнюю гаспадыню Ірыну Вальтэр. Ірына распавяла:

«Званілі і сказалі, што калі вы зьвязаліся з такой арганізацыяй, як БХД, то дапамогі ад нас не чакайце. Вы, сказалі, яшчэ нацерпіцеся».

Чалавек, які званіў Ірыне Вальтэр, не называўся, а нумар ягонага тэлефону не вызначыўся. Між тым па голасе Ірына здагадваецца, хто гэта мог быць, і таму мяркуе, што званок ня быў жартам. Ірына Вальтэр саступаць ціску не зьбіраецца. Кажа, што ня робіць нічога незаконнага, а быць сябрам партыі ёй дазваляе Канстытуцыя.

Паводле каардынатара па Мёрскім раёне Багуслава Мацука, у арсэнале ціску на ягоных аднадумцаў самыя розныя пагрозы. Ад звычайных — не даваць зямлі для нарыхтоўкі сена для жывёлы ці не выдзяляць трактар, да пагрозаў звальненьня з працы.

Дзяніс Садоўскі

«Ціск на нашых актывістаў чыняць ня толькі ў Мёрскім раёне», — паведаміў «Свабодзе» сакратар БХД Дзяніс Садоўскі і распавёў пра выпадак з Настай Мацак з Нароўлі, якая працуе ў мясцовым дзіцячым садку. 28 сьнежня Насту выклікалі ў раённы аддзел адукацыі на «прафіляктычную размову»:

«Казалі: а што гэта? А навошта? Аа ці думала галавой, калі ставіла свой подпіс? Я ж адказвала, што гэта маё права і чаму я мушу пра гэта даваць тлумачэньні? Увогуле, гэта маё асабістае жыцьцё».

Паводле аргкамітэту БХД, хваля ціску на заснавальнікаў партыі дакацілася і да Менску. 10 сьнежня ў аргкамітэце паведамілі пра сяброўку менскай філіі партыі, да якой з пытаньнямі пра БХД прыходзілі два супрацоўнікі «нейкай арганізацыі».

Дакумэнты на рэгістрацыю партыі БХД былі пададзеныя 20 сьнежня 2011 году. З 2009 году гэта чацьвёртая спроба зарэгістравацца, нагадаў Дзяніс Садоўскі з аргкамітэту БХД. Чаму няўдалымі былі тры ранейшыя спробы? Дзяніс Садоўскі мяркуе, што ўлады мэтанакіравана прымушалі некалькі чалавек адмовіцца ад сваіх подпісаў і на гэтай падставе не рэгістравалі партыю. Гэтак жа спрабуюць зрабіць і цяпер, але пакуль, паводле Дзяніса Садоўскага, адмоўшчыкаў не знаходзіцца:

«Паводле нашай інфармацыі, пакуль яшчэ ніхто не напісаў адмовы. Хоць, вядома, чалавек можа напісаць такую заяву і нам пра гэта не паведаміць».

Карэспандэнт: «А што, закон настолькі хісткі, што дастаткова некалькі адкліканых подпісаў, каб не зарэгістраваць усю партыю?»

«Дастаткова нават коску недакладна паставіць у дакумэнтах, і ўсё. Мін’юст гэта трактуе так, што няправільна пададзеныя дакумэнты, і рэгістрацыя не адбываецца. Хоць ёсьць працэдура выпраўленьня памылак, але яны трактуюць звычайна гэтак, што дадзеныя дакумэнты выправіць немагчыма».

Афіцыйнага рашэньня адносна рэгістрацыі партыі БХД пасьля новага ўстаноўчага зьезду яшчэ няма.