Бабруйск: міліцыя ня выявіла, хто зьневажаў адміністрацыю заводу

Міхаіл Кавалькоў

Бабруйская міліцыя ня выявіла тых, хто вырабіў і распаўсюдзіў на тэрыторыі заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў улёткі, якія зьневажаюць кіраўніцтва прадпрыемства.
Адміністрацыя вінаваціла ў гэтым старшыню мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова.

Актывіст прэтэнзіі палічыў беспадстаўнымі й зьвярнуўся ў раённую пракуратуру, каб, як ён заяўляў, тая абараніла яго і ягоную дзелавую рэпутацыю ад неабгрунтаваных абвінавачваньняў. Са скаргай у пракуратуру зьвярнулася й адміністрацыя прадпрыемства.

«Цяпер прыйшоў адказ, што ўстанавіць тых, хто вырабіў і распаўсюдзіў улёткі, няма магчымасьці. У сувязі з гэтым адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Хоць такі адказ больш задавальняе наймальніка, бо яны прасілі ўстанавіць, але я настойваў на тым, што наймальнік абвінаваціў мяне ў тым, што я рабіў дзеяньні, якіх не рабіў. Таму я лічу, што на мой зварот адказу няма», зазначае Міхаіл Кавалькоў.

Актывіст не выключае, што гэта не апошні інцыдэнт з адміністрацыяй. Паводле Кавалькова, у лістападзе адміністрацыя спрабавала пазбавіць суполку офісу на тэрыторыі заводу — забрала ключы, але потым іх вярнула.

«Нам даюць іншае памяшканьне. Яно таксама на тэрыторыі, але ўваход зроблены звонку. Такім чынам, працаўнікі будуць пазбаўленыя магчымасьці трапляць у офіс з тэрыторыі заводу. Акрамя таго, яно замалое. Адміністрацыя цяпер пагражае падаць у суд, каб нас выселіць. Будзем чакаць, што будзе далей».

Абвастрэньне адносін прафсаюзьнікаў з адміністрацыяй заводу, сьцьвярджае Кавалькоў, пачалося пасьля таго, як былі сабраныя паўтары тысячы подпісаў за павышэньне заработнай платы на сто працэнтаў.