Ад заўтра, 6 студзеня, у Беларусі набываюць моц зьмены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Яны прадугледжваюць адказнасьць за невыкананьне правілаў выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт. Прыкладам, на інтэрнэт-правайдэра за парушэньне патрабаваньняў наконт абмежаваньня доступу карыстальнікаў да інфармацыі, забароненай для распаўсюду, будзе накладацца штраф. Між тым, як падкрэсьліваюць ініцыятары падобных навацыяў, абавязковае інтэрнэт-фільтраваньне ўведзена толькі для дзяржаўных органаў, установаў культуры, адукацыі. У маштабах краіны доступ да замежных сайтаў блякавацца ня будзе.
Калі ў Беларусі абмежавальныя захады для правайдэраў і інтэрнэт-карыстальнікаў амаль не абмяркоўваюцца, то заходнія мэдыі ў высновах катэгарычныя: санкцыі прывядуць да фактычнай забароны інтэрнэту ў краіне, доступ на замежныя сайты будзе блякаваны. Афіцыйныя і незалежныя беларускія экспэрты ў адзін голас кажуць, што небясьпека татальнага кантролю за інтэрнэт-сфэрай перабольшаная. Меркаваньне стваральніка нацыянальнай сыстэмы статыстыкі «Акавіта» Фёдара Караленкі:
Тады, напэўна, вялікай вагі замежныя крыніцы і СМІ гэтаму не надалі, а зараз хтосьці нейкую інтэрпрэтацыю зрабіў гэтай падзеі, таму мэдыі і ўзяліся за яе як за новую інфармацыйную нагоду. Крыху эксплюатуецца гэтая навіна некаторымі не зусім сумленнымі, я лічу, журналістамі, таму гэтыя камэнтары на сумленьні журналістаў. Само сабой зразумела, што ёсьць спрэчныя пытаньні ў гэтых момантах, але гэта грамадзтва абмяркоўвала ўжо некалькі разоў на працягу паўтара, амаль двух гадоў. І новага тут нічога не адбылося».
З адмысловымі заявамі адносна пэрспэктываў нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту выступілі ініцыятары больш жорсткіх правілаў дзейнасьці ў віртуальнай прасторы. Так, у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзыдэнту заяўляюць, што ніякіх абмежаваньняў у справе выкарыстаньня інтэрнэт-рэсурсаў для шараговых грамадзянаў не прадугледжваецца, а іх доступ да замежных інтэрнэт-сайтаў не абмяжоўваецца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў шэрагу СМІ пра ўвядзеньне ў Беларусі адказнасьці за наведваньне замежных сайтаў, не адпавядае сапраўднасьці.
Дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій Валеры Цапкала на сайце «беларускай Крэмніевай даліны» ўдакладняе: зьмены ў заканадаўстве тычацца дзяржаўных арганізацый і маюць на мэце рэгуляваньне доступу да інфармацыі, зьмест якой накіраваны на ажыцьцяўленьне экстрэмісцкай дзейнасьці, незаконны абарот зброі, садзейнічаньне гандлю людзьмі, распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў і прапаганду гвалту. Пры гэтым адміністрацыйная адказнасьць замацоўваецца за юрыдычнымі асобамі — пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслугаў. З аналягічным заспакойваньнем выступілі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі.
«Ды лухта поўная. Ніхто нармальна не чытае зыходную інфармацыю, а пачынаюць адзін у аднаго перапісваць нейкія тлумачэньні і страхі. Найперш, было вядома ўжо даўно, а цяпер папросту ўводзяцца адміністрацыйныя санкцыі. Сапраўды, забаронена суб’ектам гаспадараньня выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасьці дзеля атрыманьня прыбытку рэсурсы, якія знаходзяцца ў замежных сэгмэнтах.
Ніхто нармальна не чытае зыходную інфармацыю, а пачынаюць адзін у аднаго перапісваць нейкія тлумачэньні і страхі
То бок гаворка толькі пра тых, хто займаецца здабычай грошай, некамэрцыйных арганізацый гэта ня тычыцца абсалютна. І за гэта будуць штрафаваць. Іншымі словамі, калі ты разьмясьціў рэкляму на Google і пры гэтым прадстаўляеш камэрцыйную арганізацыю і займаесься продажам тавараў ці паслугаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то табе выпішуць штраф. Усё, ніякіх іншых варыянтаў. Калі ты на тэрыторыі Беларусі тавары і паслугі не прадаеш, то цябе гэта ня тычыцца ніяк. І ніякі Google ды астатніх забараняць ніхто ня будзе».
У пераліку таго, што забаронена да прагляду ў дзяржаўных установах, ня толькі сайты экстрэмісцкага ці амаральнага зьместу, але і некаторыя апазыцыйныя — прыкладам, «Хартыя-97» ці «Беларускі партызан». Аднак, як кажа Марк Бэрнштэйн, ніхто не забараняе дзяржаўнаму службоўцу чытаць гэтыя сайты пасьля працы:
«Яшчэ адна рэч — гэта сьпіс так званых экстрэмісцкіх і да таго падобных забароненых сайтаў. Гэта тычыцца толькі дзяржаўных арганізацый і ўстановаў адукацыі і культуры, за выключэньнем сілавых структураў. То бок для іх гэтыя сайты забароненыя, і калі правайдэры доступ да іх не зачыняць, то правайдэраў будуць штрафаваць. Падкрэсьліваю — менавіта правайдэраў, калі яны туды гэтыя сайты дапускаюць.
Наступная пазыцыя — кожны карыстальнік інтэрнэту мае права забараніць што-небудзь для самога сябе. Груба кажучы, бацькі могуць напісаць: заблякуйце ад дзіцяці нейкі сайт ці нейкі „айпішнік“. І правайдэр абавязаны гэта зрабіць для ягонага канкрэтна кампутара і па ягоным уласным жаданьні. І апошняе — будуць штрафаваць усялякія інтэрнэт-кавярні і правайдэраў за парушэньні ў частцы рэгістрацыі канцавых прыстасаваньняў, рэгістрацыі карыстальнікаў і г. д. То бок карыстальнік павінен быць ідэнтыфікаваны».
кожны карыстальнік інтэрнэту мае права забараніць што-небудзь для самога сябе
Ад 6 студзеня максымальны штраф за парушэньне патрабаваньняў у справе абмежаваньня інтэрнэт-доступу складзе да 30 базавых велічыняў — 1 мільён 50 тысяч рублёў. З улікам таго, што ад 1 красавіка базавая велічыня будзе падвышаная да 100 тысяч рублёў, гэтая сума аўтаматычна можа падскочыць утрая.
Апроч правайдэраў, штрафаваць будуць таксама прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія рэалізуюць тавары або аказваюць паслугі, выкарыстоўваючы інтэрнэт-сыстэмы за межамі Беларусі. Да адказнасьці таксама можа быць прыцягнута юрыдычная асоба за выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах рэсурсу, які не прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю.