Эўразьвяз заявіў, што гатовы адмовіцца ад іранскай нафты

Краіны Эўрапейскага зьвязу дасягнулі прынцыповай згоды на забарону імпарту нафты зь Ірана. У Дзярждэпартамэнце ЗША гэта назвалі «вельмі добрай навіной».
Рашэньне пра ўвядзеньне «нафтавага эмбарга» можа быць прынятае 30 студзеня на пасяджэньні рады ЭЗ на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, перадае канал Euronews.

4 студзеня на брыфінгу для журналістаў кіраўнік прэсавай службы Дзярждэпартамэнтц ЗША Вікторыя Нуланд адзначыла: «Менавіта такія крокі мы хацелі б убачыць не толькі з боку нашых бліжэйшых саюзьнікаў і партнэраў у Эўропе, але і іншых краінаў па ўсім сьвеце. Мы лічым, што гэта цалкам адпавядае нашаму падыходу па ўзмацненьні эканамічных санкцый супраць Ірану».