Аксана Спрынчан — пра найлепшыя літаратурныя споведзі

Аксана Спрынчан

Сапраўдны твор — гэта заўжды споведзь аўтара перад чытачом. Перадкалядныя дні — самы час для кніг, жанравае вызначэньне якіх — споведзь, супадае з назовам адной зь сямі таямніцаў хрысьціянскае веры. Аксана Спрынчан — пра найлепшыя літаратурныя споведзі.

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ. СПОВЕДЗЬ.
У кн. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ. МЕНСК, «БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР», 2006

У раньнехрысьціянскіх абшчынах існавала публічная споведзь, калі чалавек спавядаўся перад усёй царквою, а прысутныя маліліся за яго і лічылі ягоныя грахі сваімі. Беларусу, які прачытаў «Споведзь» Ларысы Геніюш, немагчыма не маліцца за яе і немагчыма не лічыць грахі тых, хто кінуў яе ў такія жыцьцёвыя варункі, сваімі. Сваю «Споведзь» Геніюш пісала ў 1970-я гады і тады яна не была «публічнай». У 1982 годзе да яе далучыўся Міхась Чарняўскі. І толькі ў 1990-м яе пачулі людзі — адбылася публікацыя ў часопісе «Маладосьць». Твор, трэба адзначыць, наогул быў бяз назвы. І супрацоўнік часопісу Янка Сіпакоў, пісьменьнік, які тонка адчуваў чалавечую душу, назваў яго «Споведзь». У гэтую кнігу можна ўслухоўвацца і ўчытвацца бясконца. У кожным яе сказе я-Беларусь і мы-Беларусь: «Хлапчаня не магло сьцяміць, што Беларусь — гэта ня толькі тыя, хто зьнішчыў нашых бацькоў; што Беларусь — гэта старая нашая казка-зямля, нашая Маці й нашая мэта».

«За что вам дали срок?» — Пытае нейкі сьледчы ў лагеры. «Имею честь терпеть за Беларусь...» Гэта дзейнічала."

Праз 40 гадоў я ня веру, што гэта «дзейнічае». Але веру, што «сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі ня змыліць, і мэта яго адна: Беларусь».

СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ. СПОВЕДЗЬ: АПОВЕСЬЦІ І ВЕРШЫ.
МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1990

Як гэта ня дзіўна, але ёсьць споведзі ня толькі шчырыя, але і ўзнагароджаныя. Так, за кнігу з гэткай назвай Сяргей Грахоўскі ў 1992-м атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. У кнігу ўвайшлі вершы і дзьве аповесьці: «Зона маўчаньня» і «Такія сінія сьнягі» з аўтабіяграфічнай трылёгіі. Гэтая споведзь — ня толькі за сябе, але і за «незваротных» сяброў. Калі зазвычай перад споведзьдзю чалавек трымае пост тры дні, дык аўтар пачынае сваю кнігу наступным прызнаньнем: «...Я пасьціў дваццаць гадоў перад споведзьдзю. I вось настала пара маёй позьняй восені, пара шчырай споведзі...» Пазначаны таўром 58-й пробы, Сяргей Грахоўскі двойчы прайшоў пекла. "Хто не трапляў у пастку, хто не глядзеў на неба, сонца і зоры праз краты і калючы дрот, той ня ведае, што такое ВОЛЯ«— сьцьвярджае ён. Прачытаўшы гэтую кнігу, можна наблізіцца да гэтага веданьня і разуменьня.

ЛЕАНІД ГАЛУБОВІЧ. СПОВЕДЗЬ БЯССОННАЙ ДУШЫ.
МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1989

У паэта душа ня сьпіць, яна бярэ на сябе ўвесь боль гэтага сьвету. Паэт моліцца вершамі за сьвет і спавядаецца за яго.

А жыў бы бестурботным і харошым,
Калі б сябе і ўсіх не выяўляў.

Леанід Галубовіч з тых, хто адчуў гэта зь першае кнігі, бо нездарма ж атрымаўся своеасаблівы ланцужок-кола назваў «Таемнасьць агню» (1984) — «Споведзь бяссоннай душы» (1989) — выбранае «Таемнасьць споведзі» (1993). Споведзь немагчыма ўявіць без азначэньня «шчырая», інакш гэта будзе не яна. Паэзія Леаніда Галубовіча — сапраўды споведзь.

Чалавекам жыву. Чалавечна.
Чалавека ня ў сілах забыць. —
сьцьвярджае паэт, і яму верыш. Верыш, бо ягонае становіцца тваім, бо немагчыма адвесьці вачэй ад ягоных радкоў:
І не адвесьці ад зямлі вачэй,
Дзе бульбіны прасьвечваюць, як зоры...
Паэт спавядаецца і адначасова прымае споведзь:
Ня збыць да скону рабскую работу:
Свайго народа выслухаць душу.
І так пісаць, нібыта пісьмы з фронту —
З той боязьзю — што больш не напішу.
І варта чытаць яго «з той боязьзю» — што больш не прачытаю.

АНАТОЛЬ ВАЛАХАНОВІЧ, УЛАДЗІМЕР МІХНЮК. СПОВЕДЗЬ У НАДЗЕІ ЗАСТАЦЦА ЖЫВЫМ: АЎТАБІЯГРАФІЯ БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА.
МЕНСК, Белндідас, 1999 (СЭРЫЯ «ВЕРНУТЫЯ ЗЬ НЕБЫЦЬЦЯ»)

Гэтая споведзь надзвычай своеасаблівая. Бо «спавядаўся» (пісаў сваю аўтабіяграфію) беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» Браніслаў Тарашкевіч не паводле ўласнага жаданьня, а на просьбу супрацоўнікаў АДПУ СССР. А ўжо гісторыкі Анатоль Валахановіч і Ўладзімер Міхнюк, якія рыхтавалі яе да друку, разумеючы ў якіх умовах яна пісалася, назвалі «Споведзь у надзеі застацца жывым». Надзея ня спраўдзілася. Нездарма да кнігі аўтары абралі наступны эпіграф: «— Бронюсь, куды ты ідзеш? — словы, кінутыя Францішкам Аляхновічам Браніславу Тарашкевічу ў час іхнага абмену на савецка-польскай мяжы 5 верасьня 1933 г.» Аўтабіяграфія адметная ня толькі апісаньнем уласнага жыцьця Браніслава Тарашкевіча, але і грунтоўным паказам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі 1920–1930-х гадоў. Кніга мае грунтоўныя камэнтары, імянны і геаграфічны паказальнікі, прадмову і пасьлямову і будзе цікавая кожнаму, каму неабыякавы шлях Беларусі.

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. ЧУЖАЯ СПОВЕДЗЬ.
У кн. ВЫБРАНАЕ: 1955–1995. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1998

Cповедзь бывае ня толькі сваёй, але й «чужой». Генадзь Бураўкін у паэме «Чужая споведзь» выкарыстоўвае мастацкі прыём твора ў творы, калі лірычны герой знаходзіць чужы твор і чытае яго. У дадзеным выпадку гэта сшытак, у якім запісана яна — споведзь. Невядомы незадаволены сваім стаўленьнем да жыцьця, ягоная хата заўжды стаяла з краю. Ён быў ціхім, сьціплым чалавекам, што, здавалася б, і добра. Але ж — нікому не дапамагаў, не ратаваў ад бяды. Як і ў многіх беларусаў, у яго ёсьць апраўданьне, бо ён быў незаслужана пакрыўджаны і запалоханы. І ў той самы час гэтага апраўданьня няма, бо побач з такімі людзьмі гінуць іншыя людзі, гіне краіна. Варта задумацца кожнаму беларусу, каб «чужая споведзь» ня сталася «сваёй».