Саміт у Брусэлі: Як уратаваць эўра?

Лідэры 27 краінаў Эўразьвязу зьбіраюцца сёньня ў Брусэлі на двухдзённае пасяджэньне, каб прадухіліць крах эўразоны, у якую ўваходзяць 17 краінаў.

«На нас глядзіць увесь сьвет, і сьвет чакае ад нас ня новых нацыянальных праблемаў, а эўрапейскіх рашэньняў. Сутнасьць крызысу зводзіцца да пытаньня даверу і надзейнасьці. Якраз таму мы ў Эўрапейскай камісіі выказваемся за большае збліжэньне, за большую дысцыпліну. Надзвычай важна, што ўсё мы разам і што Эўразьвяз паказвае, што эўра нельга адмяніць», — сказаў журналістам перад самітам прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

Чакаецца, што прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель будуць прасоўваць ідэю шчыльнейшага эканамічнага супрацоўніцтва і новай дамовы аб згуртаваньні ў Эўразьвязе, якая ўвяла б больш строгую бюджэтную дысцыпліну ў краінах з агульнай эўрапейскай валютай.

Француска-нямецкая прапанова прадугледжвае аўтаматычныя санкцыі супраць кожнай краіны-сябра Эўразьвязу, у якой дэфіцыт бюджэту перавысіць 3% ад ВУП. Але пакуль няясна, якая інстытуцыя мелася б кантраляваць выкананьне такіх санкцыяў.

Сарказі і Мэркель далі зразумець, што яны хочуць, каб згаданыя зьмены ў дамове аб Эўразьвязе былі зацьверджаныя ўсімі 27 краінамі-сябрамі; аднак лідэры Францыі і Нямеччыны таксама сказалі, што іх задаволіла б і дамова паміж 17 удзельнікамі эўразоны. Польшча, якая не належыць да эўразоны, выказала ахвоту падпісаць новую дамову аб большай фінансавай дысцыпліне ў Эўразьвязе; Вялікабрытанія і Чэская Рэспубліка, якія таксама захоўваюць свае нацыянальныя валюты, далі зразумець, што яны могуць не далучыцца да такой дамовы.