Магілёў: скарга арганізатаркі бабруйскага Народнага сходу не задаволеная

8 сьнежня Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу арганізатаркі Народнага сходу ў Бабруйску Галіны Сьмірновай. Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі абскарджвала пастанову судзьдзі Бабруйскага суду Натальлі Шэгеда, якая прызнала яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 8 кастрычніка і пакарала адміністрацыйным арыштам на 5 сутак.

Скаргу Галіны Сьмірновай разглядаў судзьдзя Уладзімер Навітанюк. Ён не знайшоў падставаў, каб яе задаволіць.

«У іншым рашэньні я не сумнявалася. У нас што суд, што пракуратура, што міліцыя — усе за адно. Што тут можна яшчэ казаць. Буду абскарджваць і гэтае рашэньне», — заявіла Галіна Сьмірнова.

6 сьнежня Уладзімер Навітанюк пакінуў у сіле й вырак арганізатару Народнага сходу ў Магілёве Ўладзімеру Шанцаву. Старшыня абласной арганізацыі АГП таксама прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 8 кастрычніка. 10 лістапада судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Аксана Ратнікава пакарала актывіста штрафам за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах» на 1 мільён 400 тысячаў рублёў.

Галіна Сьмірнова і Ўладзімер Шанцаў у судах даводзілі, што не парушалі закону «Аб масавых мерапрыемствах». Актывісты заяўлялі, што Народныя сходы праводзілі паводле закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Іх довады выслухоўваліся, але рашэньні прымаліся на падставе пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, складзеных супрацоўнікамі міліцыі.