Судзьдзяў Бяляцкага чакае «чорны сьпіс»

Адной з тэмаў сёньняшняга пасяджэньня міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу будзе абмеркаваньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Паводле брусэльскага карэспандэнта Радыё Свабода, гаворкі пра новыя санкцыі супраць Менску ня будзе, але магчыма, што найбліжэйшымі днямі да сьпісу 208 службовых асобаў зь Беларусі, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, будуць дададзеныя некалькі прозьвішчаў у сувязі з турэмным прысудам праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Асабліва Польшча націскае на пашырэньне візавай забароны ў дачыненьні да Менску.

Брусэль таксама намерваецца ўзмацніць сувязі зь беларускай апазыцыяй. Камісар у пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле рыхтуе плян захадаў пад назвай «Новая пэрспэктыва для Беларусі». Мяркуецца, што гэты плян будзе прадстаўлены на наступным тыдні.

Прэс-сакратар камісара Фюле, Пэтэр Станя, сказаў нашаму карэспандэнту, што дэталі пляну яшчэ дапрацоўваюцца.

«Адна частка гэтага павялічанага і палепшанага супрацоўніцтва зь Беларусьсю будзе датычыць большай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі. Каб весьці рэгулярны дыялёг ды абменьвацца поглядамі і ацэнкамі з палітычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. Беларусь апынулася ў сытуацыя, калі немагчыма весьці нармальны дыялёг з уладамі. І гэтага нармальнага дыялёгу з уладамі ня будзе, пакуль будуць ісьці працэсы над журналістамі, актывістамі і праваабаронцамі» — сказаў Стана.

Галоўным пытаньнем сёньняшняй сустрэчы ў Брусэлі будзе рэакцыя Эўразьвязу на атаку на брытанскую амбасаду ў Тэгеране 29 лістапада і на нядаўні даклад МАГАТЭ, які сьцьвярджае, што Іран працягвае працу над праграмай атрыманьня ядзернай зброі.

Міністры замежных справаў Эўразьвязу таксама абмяркуюць наданьне Сэрбіі статусу кандыдата.