Гомельская міліцыя помсьціць удзельнікам Народнага сходу

Дзьмітры Карашкоў

14 лістапада з Гомельскага вагонарамонтнага заводу звольнены грамадзкі актывіст, машыніст цеплавоза Дзьмітры Карашкоў. Ён праяўляў цікавасьць да Народнага сходу й патрабаваў у сябе на працы 100-адсоткавага падвышэньня заробкаў. Спадар Карашкоў — адзін з чатырох маладых людзей, якіх перасьледуюць за Народны сход у Гомелі.

12 лістапада, калі ў абласным цэнтры мінакі зьбіраліся на другую сэсію Народнага сходу на вуліцы Юбілейнай, міліцыянты затрымалі Карашкова на прыпынку грамадзкага транспарту й адвезьлі ў 2-е аддзяленьне Чыгуначнага РАУСу.

Карашкоў: "Стала мяне апытваць дзяўчына, лейтэнант міліцыі. Пыталася, за што мяне затрымалі. Я павыбачаўся і стаў сам цікавіцца ў яе, за што мяне затрымалі. Яна доўга не магла знайсьці адказу і ўрэшце склала адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным мітынгу 12 лістапада".

На гэтым справа ня скончылася:

"Потым мяне вадзілі па кабінэтах. Са мной гутарыў маёр Козел. І тут прыйшоў маёр Кошман, стаў бегаць па кабінэтах, пытаўся, хто складаў у дачыненьні да мяне пратакол і чаму ён так складзены. Затым прыйшоў капітан міліцыі — бэджыка я на ім ня бачыў — і стаў мяне апытваць, як я апынуўся ля ДК глухіх 8 кастрычніка. І ў выніку склаў яшчэ адзін пратакол па артыкуле 23.34 — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 8 кастрычніка".

Зараз спадар Карашкоў чакае позвы ў суд — гэтаксама як і затрыманыя 12 лістапада Ільля Міронаў, Ксеня Яраслаўцава й Васіль Такарэнка.

Супраць іх задняй датай таксама склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у Народным сходзе 8 кастрычніка.

Зь міліцэйскіх пратаколаў вынікае, што 8 кастрычніка яны "парушылі правядзеньне масавага мерапрыемства — кірмашу па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі, ажыцьцявіўшы іншае несанкцыянаванае мерапрыемства ў выглядзе мітынгу й вулічнага шэсьця".

Агулам 12 лістапада гомельская міліцыя затрымала паўтара дзясятка мінакоў. Кіравалі гэтым канвэерам камандзір палку патрульна-паставой службы міліцыі Дзьмітры Зураў і начальнік управы аховы правапарадку й прафіляктыкі абласной міліцыі Анатоль Васільеў.

На прыпынку грамадзкага транспарту ля ДК "Віпра" былі затрыманыя таксама праваабаронца Віктар Адзіночанка (з роварам), журналісты Анатоль Гатоўчыц (з фотаапаратам) і Мікола Бянько, пэнсіянэр МУС Уладзімер Няпомняшчых (з заявай пра ўступленьне ў тэрытарыяльныя войскі), Андрусь Цянюта, Валер Сьляпухін ды шэраг іншых мінакоў.

Віктара Адзіночанку, у прыватнасьці, забралі ў Чыгуначны РАУС толькі за тое, што ён заступіўся за Андруся Цянюту. Андрусь размаўляў па-беларуску, чым і выклікаў гнеў міліцэйскага начальства.

Старшыня гарадзкога аргкамітэту Народнага сходу Васіль Палякоў, які толькі 13 лістапада выйшаў з ізалятара пасьля 5 сутак арышту, лічыць, што масавы перасьлед гамельчукоў, у тым ліку й за папярэдні сход, выкліканы тым, што "вярхі" незадаволеныя дзейнасьцю міліцыі:

"Ёсьць каманда зьверху перасьледаваць усіх, хто праяўляе хоць нейкую актыўнасьць. Відаць, "зьверху" ня вельмі задаволеныя тым, як ахоўнікі паводзілі сябе 8 кастрычніка, бо сход тады адбыўся, была прынята рэзалюцыя. Таму цяпер задняй датай ім загадалі, каб "падцягнулі хвасты" за 8 лістапада, каб больш жорстка пакаралі ўдзельнікаў. На маю думку, тут ня столькі ініцыятыва міліцыі, калькі ініцыятыва, якая ідзе ад "вэртыкалі".