У Парыжы пачынаецца суд над «Шакалам»

Ільліч Рамірэс Санчэс

У панядзелак у Парыжы пачынаецца суд над сусьветна вядомым тэрарыстам Ільлічом Рамірэсам Санчэсам за тэракты 1980-гадоў. Рамірэс, вядомы таксама пад мянушкай Карлас «Шакал», у 1981 годзе арганізаваў тэракт у будынку Радыё Свабода ў Мюнхэне, фінансаваны прэзыдэнтам Румыніі Нікалае Чаўшэску.

Пра асобу Рамірэса піша ў International Herald Tribune Нікала Кларк.

Ён страціў большасьць сваіх валасоў, а пасьля 10-дзённай галадоўкі ў турме ў мінулым месяцы – свой «фірмовы» трыбушок. Але выглядае, што Ільліч Рамірэс Санчэс, больш вядомы ў сьвеце як Карлас Шакал, рыхтуючыся да суду за тэракты 80-х, ня страціў сваю заўсёдную браваду.

І хоць яму было дазволена мець кантакты толькі зь сям'ёй і адвакатамі, Рамірэс у мінулым месяцы здолеў арганізаваць інтэрвію з адной францускай газэтай і радыёстанцыяй, выкарыстаўшы мабільны тэлефон, нелегальна пранесены ў турму. У гэтых інтэрвію 62-гадовы вэнэсуэлец выглядае ваяўнічым і шматслоўным і згадвае пра неназваныя «фальсыфікацыі» ў ягонай справе, пры гэтым адмаўляючыся прызнаць або абвергнуць абвінавачаньні.

«Я не прывык рабіць эгацэнтрычныя дэклярацыі», – заявіў Рамірэс газэце Libération у адказ на пытаньне, ці ён быў адказны за выбухі. – І я ня буду гуляць у вартыя жалю гульні абвінаваўчага боку».

За гэтыя інтэрвію Рамірэс 18 кастрычніка быў зьмешчаны ў адзіночную камэру, у сувязі з чым ён распачаў галадоўку пратэсту супраць ізаляцыі, якая не дазволіла яму разам з адвакатамі падрыхтавацца да абароны. Ён спыніў галадоўку на мінулым тыдні пасьля таго, як яго перавялі ў ягоную звычайную камэру ў парыскай турме «Ля Сантэ», дзе ён мае нагоду бачыцца зь яшчэ адным славутым вязьнем – былым панамскім дыктатарам Мануэлем Нарыегам, асуджаным летась на сем гадоў за адмываньне грошай.

Рамірэс ужо адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства ў 1975 годзе двух агентаў францускай паліцыі і лібанскага інфарматара. У тым самым годзе ён разам з групай паплечнікаў узяў у закладнікі некалькі міністраў падчас сустрэчы краінаў АПЭК у Вене, пры гэтым былі забітыя лібійскі дэлегат, аўстрыйскі паліцыянт і ірацкі целаахоўнік.

У 1992 годзе Францыя завочна асудзіла Рамірэса за парыскія забойствы 1975 году. Пасьля таго, як ён дзесяць гадоў хаваўся ва Ўсходняй Эўропе і на Блізкім Усходзе, агенты францускай сакрэтнай службы па наводцы ЦРУ ў 1994 годзе схапілі яго ў адным суданскім шпіталі. У джутавым мяшку ён быў кантрабандна вывезены ў Францыю, дзе ў 1997 годзе быў паўторна асуджаны і атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне.

У 2007 годзе францускі сьледчы загадаў Рамірэсу і яшчэ тром асобам паўстаць перад судом за арганізацыю чатырох выбухаў у 1982 і 1983 гадох, у выніку якіх 11 чалавек загінулі і 195 былі параненыя, аднак дата суду была прызначаная толькі на 2011 год.

Абвінаваўчы бок лічыць, што тэракты 1982-1983 гадоў (выбух у цягніку, напад на офіс арабскамоўнай газэты «Аль-Ватан», выбух на вакзале ў Марсэлі) – былі часткай асабістай вайны, якую Рамірэс вёў супраць францускіх уладаў, спрабуючы дамагчыся вызваленьня з турмы сваёй тагачаснай сяброўкі Магдалены Коп, былой нямецкай радыкалкі, якая сядзела за спробу тэракту ў 1982 годзе.

Коп, зь якой Рамірэс ажаніўся ў 1995 годзе ў Сырыі і якая мае зь ім дачку, пазьней стала сьведкам абвінавачаньня і ў 2007 годзе напісала пра Рамірэса ў сваіх успамінах: «Ён надалей жыве ў сваім сьвеце. Нехта мусіць сказаць яму праўду».

Ізабэль Кутан-Пэйр, адвакатка Рамірэса і яго цяперашняя жонка, лічыць, што суд асудзіць Рамірэса, каб спыніць спробы Вэнэсуэлы дамагчыся ягонай рэпатрыяцыі. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс публічна хваліў свайго суайчыньніка як «вялікага рэвалюцыйнага змагара», а вэнэсуэльская амбасада ў Парыжы да нядаўняга часу дастаўляла ў турму перадачы зь ягонымі ўлюбёнымі кубінскімі цыгарамі.

Рамірэс нарадзіўся ў 1949 годзе ў Каракасе ў сям'і багатага адваката-марксіста, які назваў двух іншых сыноў Уладзімeр і Ленін.

Савецкі Саюз выслаў Рамірэса ў 1970 годзе за скандальныя паводзіны, калі ён быў студэнтам Унівэрсытэту Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы ў Маскве. Неўзабаве ён пасяліўся ў Лібане, дзе зьвязаўся з прапалестынскімі радыкаламі, якія рыхтавалі тэракты ў Эўропе. Пазьней ён далучыўся да Банды Баадэр-Майнгофа, нямецкай тэрарыстычнай групоўкі, вядомай таксама пад назвай «Фракцыі Чырвонай Арміі».

Ужо ў францускай турме Рамірэс прыняў іслам пад духовым кіраўніцтвам іранскага мулы і ажаніўся з Ізабэлай Кутан-Пэйр паводле мусульманскай цырымоніі ў 2001 годзе.

У інтэрвію газэце Libération у мінулым месяцы Рамірэс назваў Усаму бін Ладэна, зь якім ён ніколі ня бачыўся, «сымбалем сучаснага джыгаду» і апісаў тэракты 11 верасьня 2001 году як «ахвярную апэрацыю», якая мелася «давесьці амэрыканскім імпэрыялістам, што іх тэрыторыя ня ёсьць недасягальнай».