Мацкевіч: «Штучнага адзінства апазыцыі нам не патрэбна, патрэбна рэальнае адзінства»

Прэзыдэнт Freedom House Дэйвід Крэймэр выказаў рэкамэндацыі адносна дзеяньняў Захаду ў дачыненьні да Беларусі. У сваім артыкуле ён адзначае, што ніколі раней Аляксандар Лукашэнка не сутыкаўся з такім эканамічным крызісам у сваёй краіне, як цяпер, і ніколі раней не апынаўся пад такім моцным ціскам з боку Эўразьвязу і Злучаных Штатаў. Дэйвід Крэймэр прапануе 10 парадаў — што Захад павінен зрабіць і чаго варта пазьбягаць. Як беларускія палітыкі ацэньваюць тэзісы Дэйвіда Крэймэра?

Анатоль Лябедзька
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька месяц таму сустракаўся з Дэйвідам Крэймэрам у Вашынгтоне, і яны разам абмяркоўвалі некаторыя з гэтых пазыцыяў. Спадар Лябедзька ў цэлым лічыць іх цалкам прагматычнымі і рэалістычнымі. Што да восьмага тэзісу — наконт падрыхтоўкі да постлукашэнкаўскай Беларусі і немэтазгоднасьці штучнага аб’яднаньня апазыцыі — Анатоль Лябедзька выказаў такое меркаваньне:

«Трэба вынік, трэба эфэктыўнасьць. А будуць удзельнічаць у рэалізацыі мэтаў і задачаў там 90%, 80% ці 50% тых, хто называе сябе апазыцыяй, — гэта ўжо другасная справа. А да гэтага ўвесь час усе імкнуліся думаць пра тое, як пасадзіць усіх за адзін стол, а не пра эфэктыўнасьць дзейнасьці. Такі падыход мне зразумелы, для нас абсалютна прымальны. Тое самае, як і тое, што сёньня ўжо трэба абмяркоўваць сытуацыю постлукашэнкаўскага пэрыяду. Бо мы бачым поўны крызіс эканамічнай мадэлі, яна нежыцьцяздольная. Трэба абмяркоўваць, якой Беларусь павінна быць і для сваіх грамадзянаў, і для міжнароднай супольнасьці».

Сяргей Калякін
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін даў такую ацэнку артыкулу Дэйвіда Крэймэра:

«Крэймэр казаў добрыя рэчы, разумныя рэчы: так, калі мы працуем у адным кірунку, пальцы сьціснутыя ў кулак і ў нас ёсьць адзінства, гэта дадае посьпеху ў любой справе, у тым ліку ў справе барацьбы з рэжымам, які сёньня існуе ў Беларусі. Але гэта ня тая рэч, безь якой немагчыма дамагчыся зьменаў. Бо зьмены адбудуцца тады, калі беларускі народ гэтых зьменаў захоча і будзе нешта рабіць для таго, каб гэтыя зьмены адбыліся. А калі беларускі народ будзе разьлічваць, што там нейкая апазыцыя, нейкія лідэры ці нехта звонку гэта за яго зробіць — то гэта глупства, гэтага ня будзе».

Уладзімер Мацкевіч
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч уважліва прааналізаваў усе 10 тэзісаў Крэймэра і лічыць пяць зь іх цалкам слушнымі, але прынамсі ў чатырох ёсьць адна частка слушная, а другая — супярэчлівая. У восьмым тэзісе, наконт апазыцыі, на яго думку, таксама ёсьць нестыкоўкі:

«З аднаго боку, аўтар раіць падрыхтавацца да пасьлялукашэнкаўскай Беларусі, і з гэтым немагчыма не пагадзіцца. А далей ён кажа: „Не дамагацца штучнага адзінства сярод апазыцыі“. І тут таксама нельга не пагадзіцца: нікому не патрэбна штучнае адзінства, якое разваліцца ад найменшага штуршка. А вось наступная частка, што „наяўнасьць апазыцыі хоць і будзе пазытыўным момантам, але ж не зьяўляецца неабходнаю, каб перамагчы Лукашэнку“, — вось тут мы цалкам ня згодныя. Калі аўтар думае, што рэжым зваліць хтосьці звонку, што гэта зробяць Эўропа і Злучаныя Штаты, то, можа, па-свойму ён мае рацыю. Але навошта нам, каб рэжым звалілі звонку? Што мы тады будзем рабіць з краінаю, калі гэта ня наша заслуга? Толькі тады, калі мы самі зьменім палітычны рэжым, палітычнае становішча ў Беларусі, толькі тады мы самі будзем гатовыя кіраваць гэтай краінай. Таму штучнага адзінства апазыцыі нам не патрэбна. Нам патрэбна рэальнае, сапраўднае адзінства».