10 сутак арышту — за злыя намеры

Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Валеры Есьман прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 23.34 ч.3 аб паўторным прыцягненьні да адказнасьці за парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Судзьдзя і супрацоўнікі спэцслужбаў абмежавалі прысутнасьць журналістаў і праваабаронцаў у судзе.

Адвакатка Вольга Безбародкіна з пастановай суду аб адміністрацыйным арышце.
Максіма Вінярскага затрымалі ўчора, калі ён толькі пасьпеў зьявіцца на Кастрычніцкай плошчы Менску, каб узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку палітвязьняў. Сваю віну ён прызнаў часткова, а менавіта — што меў намер удзельнічаць у акцыі, якога ня зьдзейсьніў з прычыны затрыманьня. На гэтай жа падставе адвакат асуджанага хадайнічала ў судзе аб тым, каб яго пакаралі без абмежаваньня волі, аднак суд вырашыў інакш, кажа Вольга Безбародкіна:

«Я прасіла прымяніць пакараньне ў выглядзе штрафу, бо на ўтрыманьні Вінярскага знаходзіцца ягоная маці, зь якой ён жыве ў адной кватэры. Я прасіла палёгкі яшчэ і таму, што адміністрацыйным арыштам мэта пакараньня ўсё роўна ня будзе дасягнутая. Але суд прыняў сваё рашэньне, зь якім мой падабаронны ня згодны і выказаў пажаданьне, каб па гэтым прысудзе была складзеная адпаведная скарга».

Адвакатка Вольга Безбародкіна каля машыны, дзе трымаюць Максіма Вінярскага.

Максіма Вінярскага даставілі ў суд пад узмоцненай аховай: акрамя міліцыянтаў, яго суправаджалі двое супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Яны рабілі ўсё магчымае, каб актывіста ня здолелі пабачыць журналісты і праваабаронцы.
Супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў хаваюць Максіма Вінярскага ад аб’етываў журналістаў.

Невядомыя ў цывільным таксама сталі пры ўваходзе ў кабінэт, дзе праходзіла адкрытае слуханьне, каб перашкодзіць прайсьці журналістам і праваабаронцам, спрабавалі вырываць з рук мабільныя тэлефоны, адмаўляліся называцца і паказваць дакумэнты. У адказ на пратэсты судзьдзя Валеры Есьман дазволіў прысутнічаць на паседжаньні некалькі хвілін, але перад агалошваньнем прысуду журналістаў ізноў выдаліў.

Праваабаронца Наста Лойка: «Такія працэсы не павінны мець месца, бо ў нас свабода сходаў — павінна быць паводле Канстытуцыі краіны і міжнародных нормаў. Але гэта ўсё не выконваецца, і, на жаль, мы зноў і зноў вымушаны прыходзіць у гэты суд. У сваю чаргу, Цэнтральны суд не зьмяняе сваёй рэпутацыі, тут працягваюцца беззаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, нам забараняюць патрапіць на працэс, ужываюць сілу. А ў выніку людзям працягваюць даваць адміністрацыйныя арышты. Гэткім чынам, ніякіх зьменаў да лепшага няма».

Праваабаронцы Марыя Касьян і Наста Лойка чакаюць прысуду.

Your browser doesn’t support HTML5

Наста Лойка пра прысуд Максіму Вінярскаму


Падтрымаць Максіма Вінярскага ў суд прыйшлі і некаторыя актывісты моладзевага апазыцыйнага руху. Адзін зь іх — намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка. Ён пракамэнтаваў прысуд гэтак:

«Пры сёньняшнім заканадаўстве, якое спрабуюць зрабіць яшчэ больш жорсткім, атрымаць дазвол на акцыю і зрабіць яе санкцыянаванай немагчыма. Таму людзі вымушаныя выходзіць на несанкцыянаваныя акцыі і атрымліваюць суткі арышту ў нечалавечых умовах. Улады ведаюць усё гэта і гэткім чынам спрабуюць спыніць моладзевы супраціў».

А 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску мае адбыцца чарговая акцыя ў падтрымку палітвязьняў. Актывісты «Эўрапейскай Беларусі» заклікалі неабыякавых людзей на знак салідарнасьці з палітвязьнямі выходзіць на Кастрычніцкую плошчу штодня.