Мікола Шарах будзе судзіцца з прадпрыемствам "Полацак-Шкловалакно"

Актывіст Свабоднага прафсаюзу, памочнік майстра цэху № 7 патрабуе, каб на прадпрыемстве ўлічвалася і аплочвалася дадатковая праца, якую робяць рабочыя. З пазовам да ААТ "Полацак-Шкловалакно" ён зьвярнуўся ў Полацкі гарадзкі суд. Разгляд працоўнай спрэчкі распачнецца 1 лістапада.

Тое, што неабходна падвысіць заробак, актывісты Свабоднага прафсаюзу двойчы абмяркоўвалі на пасяджэньнях камісіі па індывідуальных працоўных спрэчках. Яны прапаноўвалі павялічваць тарыфную стаўку на 30%. Але камісія адмовіла — палічыла, што даплаты за працу звыш нормы не абавязковыя.

Сьледам за Міколам Шарахам заяву ў суд рыхтуе старшыня суполкі свабоднага прафсаюзу ААТ "Полацак-Шкловалакно", апэратар цэху № 7 Віктар Стукаў.

"18 кастрычніка Свабодны прафсаюз правёў апытаньне апэратараў вытворчасьці бесьперапыннага шкловалакна зьмены цэху № 7. Было апытана 20 апэратараў, якія працуюць на другой печы. На пытаньне "Колькі апэратар ПНСВ павінен зарабляць пры сёньняшніх цэнах?" адказы былі — ад 3 да 6 мільёнаў беларускіх рублёў. Сярэдняя велічыня зарплаты, якую апэратары лічаць справядлівай на сёньняшні дзень, — 4 350 000 беларускіх рублёў", — заявіў Стукаў "Свабодзе".

Спадары Стукаў і Шарах распавялі, што заробак на прадпрыемстве рэгулюецца калектыўнай дамовай. Сёлета ў жніўні адміністрацыя прадпрыемства не запрасіла на падпісаньне гэтага дакумэнту прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу. У дамове зафіксавана, што заробак на ААТ "Полацак-Шкловалакно" павінен быць ня меншы за 300% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту — гэта каля 1 800 000 рублёў. Актывісты незалежнага прафсаюзу лічаць, што іх адмыслова не дапусьцілі да падпісаньня калектыўнай дамовы, каб легітымізаваць заробкі, далёкія ад 500 даляраў, якія некалі абяцаў Аляксандар Лукашэнка.