Гары Паганяйла: Хутчэй за ўсё, ператрасаньне кадраў працягнецца

Гары Паганяйла

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, які мае багатую судовую і адвакацкую практыку пракамэнтаваў адстаўку міністра юстыцыі Віктара Галаванава.

«Галаванаў ня быў высокакваліфікаваным спэцыялістам. Пасьля юрфаку БДУ ён разьмеркаваўся ў Бабруйскую адвакатуру, потым сышоў у партыйны апарат, рухаўся па адміністрацыйных аддзелах Бабруйскага райкаму, Магілёўскага абкаму партыі і дайшоў да ЦК КПБ. Потым працаваў у апараце Саўміна, у Міністэрстве юстыцыі, Адміністрацыі прэзыдэнта — то бок ягоная кар’ера заўсёды была зьвязаная не з прафэсійнай працай юрыста, а з імкненьнем ажыцьцяўляць ідэі іншых.

Кіраўнікі вышэйшых юрыдычных установаў дзяржавы па нейкіх прычынах не задавальняюць кіраўніка краіны. Калі прасачыць пасьлядоўнасьць апошніх адставак —генэральнага пракурора, цяпер вось міністра юстыцыі — усе яны адносяцца да тых праваахоўных органаў, да якіх заўсёды была пільная ўвага самога Лукашэнкі. Я не выключаю, што краіну чакаюць нейкія новыя палітычныя веяньні. Лукашэнку патрэбныя ўжо ня проста сьляпыя, адданыя выканаўцы. Яму неабходныя больш крэатыўныя, ініцыятыўныя лідэры. Хутчэй за ўсё, ператрасаньне кадраў працягнецца».