Тамару Сяргей выпусьцілі з пастарунку

Тамара Сяргей

Спэцназ і міліцыя ў панядзелак разагналі пікет, які зладзіла грамадзкая ініцыятыва «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Дзевяць чалавек былі затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Іх даставілі ў суд Цэнтральнага раёну Менску.

Пасьля суду, на якім удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі аштрафавалі на сумы ад 10 да 30 базавых велічыняў, тых, хто адмовіўся праходзіць дактыляскапію, зноў павезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.

У РУУС удзельнікаў акцыі працягвалі запалохваць, што ў выпадку непадпарадкаваньня жанчын адправяць у так званы "абязьяньнік" разам з бамжамі.

Некалькі жанчын ня вытрымалі і пагадзіліся здаць адбіткі пальцаў. Праваабаронца Тамара Сяргей катэгарычна адмовілася, паколькі рашэньне суду яшчэ не ўступіла ў сілу і яна мае права на яго абскарджваньне. Жанчыне зноў пагражалі. Урэшце рэшт пасьля 21 гадзіны яе адпусьцілі.