Ларан Арыніч ужо не ганаровы грамадзянін Пінску

Ларан Арыніч

Пінскі гарсавет пазбавіў званьня “Ганаровы грамадзянін Пінску” былога дырэктара “Пінскдрэву” Ларана Арыніча.

Дэпутаты гарсавету вырашылі, што Арыніч дыскрэдытаваў сябе і сваё ганаровае званьне, калі ўцёк ад сьледзтва і быў аб’яўлены ў вышук.

25 кастрычніка 2010 году на “Пінскдрэве” здарыўся выбух, падчас якога загінулі 14 працаўнікоў, 8 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Камісія, якая расьсьледавала інцыдэнт, прыйшла да высновы, што на прадпрыемстве недастаткова зважалі на выкананьне правілаў тэхнікі бясьпекі.

Неўзабаве пасьля выбуху сышоў у адстаўку былы дырэктар аб’яднаньня Ларан Арыніч. У лютым са спасылкаю на Генпракуратуру паведамлялася пра завядзеньне крымінальнай справы супраць Ларана Арыніча і намер выставіць яму абвінавачаньне.

Да нядаўняга часу афіцыйна не пацьвярджалася, што экс-дырэктар “Пінскдрэву” ўцёк ад сьледзтва. У праваахоўчых органах казалі, што Арыніч знаходзіцца на лячэньні ў Польшчы зь іх ведама.