Маскоўскі тэатар ставіць п’есу пра хатні арышт Някляева

Сцэна з спэктаклю "Двое ў тваім доме"

Прэм’ера спэктаклю “Двое ў тваім доме” адбудзецца ў лістападзе на тэатральным фэстывалі Baltic Circle у Хэльсынкі.

П’есу, напісаную расейскай аўтаркаю Аленай Грэмінай, паставіў створаны драматургамі новай генэрацыі ў 2001 годзе незалежны маскоўскі тэатар “Teatr.doc”.

Перш як узяцца за напісаньне п’есы, аўтарка разам з калегамі прыехала ўлетку ў Беларусь, дзе сустракалася, у прыватнасьці, з самім Уладзімерам Някляевым. Уражаньні зь беларускіх сустрэч леглі ў аснову твору.

“У цэнтры ўвагі ў спэктаклі – хатні арышт Някляева, які доўжыўся некалькі месяцаў. Парушэньне прыватнай прасторы, ператварэньне дому ў турму і няспыннае назіраньне з боку супрацоўнікаў КДБ – вось тое, што цікавіла артыстаў з Teatr.doc найбольш”, – такімі словамі анансуецца паказ п’есы на сайце фэстывалю Baltic Circle.